Бешенковичская молодёжь не против потрудиться летом

Мы -- молодые

Летам сярод навучэнцаў старэйшых класаў і студэнтаў не губляе актуальнасці работа ў студатрадзе, бо гэта — цудоўная магчымасць і адпачыць, і з карысцю правесці час, зведаць цану працы, самарэалізавацца і зарабіць (прычым нядрэнна) свае першыя грошы.

Для многіх, як упэўнена старшыня РК ГА «БРСМ» Т. А. Жукоўская, студэнцкі атрад — школа дарослага жыцця з непарушнымі каштоўнасцямі і духоўна-маральнымі ідэаламі: ініцыятыўнасцю і самастойнасцю, камандным духам і сапраўдным сяброўствам, перамогамі і перажываннямі. Мяняюцца пакаленні байцоў студатрадаў, але традыцыі іх нязменныя: працаваць з агеньчыкам і на «выдатна».

Варта адзначыць, што з кожным годам усё больш навучэнцаў рацыянальна распараджаюцца вольным часам у дні канікул. Сёлета ў студатрадзе імя Героя Савецкага Саюза М. М. Ткачэнкі, што працуе на базе УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» з 12 чэрвеня па 17 жніўня, налічваецца 21 баец. У Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў, які святкуецца 1 жніўня, маладзёжны лідар раёна завітала да рупліўцаў з салодкімі падарункамі. Да віншаванняў далучыліся і мы.

Удзельнікі студатрадаўскага руху ахвотна падзяліліся ўражаннямі: «Працуем чатыры гадзіны на дзень. Цяжка, асабліва спачатку, але мы вельмі стараемся, бо хочацца самім грошы ў сям’ю прынесці, каб бацькам лягчэй было». Сур’ёзнае дарослае разважанне… Для некаторых нашых суразмоўцаў гэта ўжо трэцяе і чацвёртае працоўнае лета, а для кагосьці — першы заробак. Вядома, хто знаходзіцца на працы па сем гадзін, той і атрымае больш (дзесьці каля 350 рублёў). Але, пагадзіцеся, нават і 125-200 рублёў — нядрэнная прыбаўка да сямейнага бюджэту.

Дарэчы, упершыню ў шэрагу байцоў — дзяўчаты. Яна Масалава, Дар’я Фінагенава і Анастасія Петухова працуюць у гасцініцы, добраўпарадкаванне ж тэрыторый раёна лягло на плечы хлопцаў, камісарам у якіх — Кірыл Новікаў, у атрадзе ён ужо другое лета шчыруе. Спыталі наконт планаў на наступнае. Многія з субяседнікаў (акрамя будучых выпускнікоў, у якіх на першым месцы будзе здача ЦТ) выказалі жаданне зноў папрацаваць у студатрадзе. Пазітыўнай энергетыцы і творчаму запалу гэтых юнакоў і дзяўчат можна пазайздросціць. Маладыя і працавітыя, спагадлівыя, смелыя і адкрытыя, заўсёды гатовыя да новых памкненняў. Жадаем вам поспехаў! Жыццё толькі пачынаецца, усе шляхі адкрытыя, і кожны знойдзе свой, галоўнае — не спыняцца і дасягаць вяршынь.

Марыя САНЬКО.