Лучшие волейболисты в УКП ЖКХ «Бешенковичский коммунальник»

Здоровье Спорт

Аматары спорту з Астроўна, Бачэйкава, Будзілава, Віцебска і Бешанковіч сустрэліся ў мінулую суботу
на гарадскім стадыёне.

Адкрытае першынство раёна па пляжным валейболе, арганізатарамі якога выступілі ФСК «Дзвіна» і раённае аб’яднанне прафсаюзаў, сабрала людзей, да спорту неабыякавых, і нават спёка не паўплывала на якасць гульні. Спаборніцтвы на пяску не былі для іх у навіну, спартсмены хутка прыстасоўваліся да ўмоў, разбіраліся ў тактычных пабудовах гульні «2 на 2». Ад матча да матча валейбалісты паляпшалі сваю гульню, імкнуліся не дапускаць памылак, ужываючы магутныя і дакладныя падачы, падманныя хады. Барацьба была ўпартай і эмацыянальнай, але самыя гарачыя моманты чакалі ў фінале.

Вельмі парадаваў дуэт выхаванцаў ДЮСШ, якія не ўпусцілі магчымасці паўдзельнічаць у турніры і паспаборнічаць з дарослымі. Ды і ўвогуле кожная з васьмі каманд выступіла годна, аднак упэўненую перамогу заваявала адна з дзвюх каманд, што выставіла УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік». Дарэчы, і лепшы гулец — Уладзімір Яцук — з каманды чэмпіёнаў. Серабро — за прадстаўнікамі РАНС, бронзу дадому павезлі віцебскія «Зубры».

Турнір завяршыўся, лепшыя каманды ўзнагароджаны. Развітваліся ў прыўзнятым настроі, у прадчуванні хуткай сустрэчы, што, як паведаміў дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба М. С. Галыня, адбудзецца 10 жніўня на пляцоўцы на вуліцы Маладзёжнай. На гэты раз гледачоў чакаюць футбольныя «бітвы» на пяску. Не прапусціце самыя гарачыя моманты гульні!

Марыя САНЬКО.



Теги: