Close
Курс валют: $ 3.0282 | € 3.4417 | ₽100 3.6539 | 
 Погода в Бешенковичах: 0 °Cясно

Более 12 тысяч жителей Бешенковиччины сражались против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной…

…Вялікая Айчынная вайна была адной з самых трагічных старонак у гісторыі нашага раёна, як і ўсёй Беларусі. На фронце, у партызанах і ў падполлі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў ваявалі і больш за 12 тысяч жыхароў Бешанковіччыны.

Залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Вялікай Перамогі імёны ўраджэнцаў раёна, Герояў Савецкага Саюза Канстанціна Антонавіча Абазоўскага, Міхаіла Амосавіча Высагорца, Льва Міхайлавіча Даватара, Івана Іванавіча Строчкі, Міхаіла Мікалаевіча Ткачэнкі. Свята шануюць жыхары раёна і памяць Героя Савецкага Саюза Паўла Мінаевіча Раманава, які ўзначальваў дзеючую на тэрыторыі раёна партызанскую брыгаду «За Савецкую Беларусь».

Баявыя дзеянні на тэрыторыі раёна разгарнуліся ўжо ў першыя дні ліпеня 1941 года. 10 ліпеня ўся тэрыторыя Бешанковіцкага раёна была акупіравана нямецкімі войскамі.

Аналіз архіўных дадзеных, абставіны, устаноўленыя ў ходзе расследавання крымінальнай справы па акце генацыду насельніцтва Беларусі нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, сведчаць аб тым, што своеасаблівы акупацыйны рэжым на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна пачаў стварацца ўжо з першых дзён акупацыі. Гэта была сістэма палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, заняволенне і знішчэнне мірнага насельніцтва. Асаблівымі зверствамі суправаджалася знішчэнне мірных жыхароў вёсак Слабада, Бортнікі, Ула, Астроўна, а таксама Бешанковіч, дзе ахвярамі сталі каля 6000 чалавек.

Гісторыя не ведала такога масавага варварства і бесчалавечнасці, якія ­здзяйснялі на нашай зямлі гітлераўскія акупанты. У Бешанковіцкім раёне за гады гітлераўскай акупацыі знішчана больш за 10 тысяч мірных жыхароў, каля 2 тысяч сагнана ў нямецкае рабства. Больш за 100 населеных пунктаў поўнасцю або часткова былі спалены. Найбольш пацярпелі вёскі Беркава, Багданава, Бортнікі, Бачэйкава, Ганкавічы, Дашкава, Дворнікі, Дуброва, Дзятлава, Зорнікі, Камлі, Казлоўшчына, Люлюкі, Нізгалава, Астравы, Рэвякі, Сокарава, Хоціна, Шыпулі і іншыя, дзе не засталося ніводнага дома. Не падняліся з попелу пасля вайны вёскі Свіціна, Якубоўшчына, Шляхценіцы, Каранёва. Вёска Каранёва падзяліла лёс Хатыні — была спалена разам з жыхарамі.

Для кантролю над тэрыторыяй раёна акупацыйныя ўлады стварылі ў Бешанковічах і Уле ваенныя і гаспадарчыя камендатуры. Раённы цэнтр, г. п. Улу і вёскі Астроўна, Бачэйкава, Сокарава пераўтварылі ў воінскія гарнізоны. Былі створаны: раённая і валасныя ўправы, паліцэйскія пасты і ўчасткі амаль ва ўсіх населеных пунктах раёна. Камандуючы тылам групы армій «Цэнтр» генерал пяхоты фон Шэнкендорф выдаў адміністрацыйнае распараджэнне №1 аб прызначэнні бургамістраў у Бешанковічах, Уле і валасцях, у руках якіх сканцэнтравалася ўся ўлада ў рэгіёне. Яны прымалі і звальнялі з работы, прыцягвалі да адказнасці вінаватых за ўчыненыя акты непадпарадкавання. Насельніцтву забаранялася пакідаць кватэры і дамы ў начны час, у перыяд з 21.00 да 5.00 гадзін.

Акупацыя працягвалася амаль 3 гады, і за час Вялікай Айчыннай вайны гарпасёлак Бешанковічы быў практычна цалкам разбураны. 26 чэрвеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі Бешанковіцкі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За праяўленыя мужнасць і гераізм амаль 150 воінам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. 5 ­удзельнікаў вызвалення атрымалі званне Ганаровага грамадзяніна Бешанковіч (М. І. Макарычаў, А. М. Пузікаў, Л. А. Перавозчыкаў, А. І. Волкаў, М. А. Волгін).

У 1939 годзе ў Бешанковічах пражывала 1119 яўрэяў, напярэдадні вайны гэтая лічба павялічылася больш чым у 2 разы за кошт яўрэяў, уцекачоў з Польшчы, захопленай фашыстамі. У 1941 годзе нацысты стварылі гета ў Бешанковічах, Уле, Астроўне і Слабадзе, у якіх былі забітыя каля 2900 яўрэяў. На месцы пахаванняў устаноўлены памятныя знакі.

…На жаль, сыходзіць пакаленне пераможцаў. Сёння ў раёне пражываюць толькі тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Іван Іосіфавіч Захарчанка, Лідзія Рыгораўна Макейчык і Ефрасіння Спірыдонаўна Станіслаўчык. Жывыя сведкі гісторыі, хто абараняў і вызваляў нашу Радзіму ад фашызму, працаваў у тыле ў імя Вялікай Перамогі. Нізкі паклон ім, а ў іх асобах усяму пакаленню пераможцаў за стойкасць, гераізм і мірнае неба над галавой!

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top