Шчаслівая тая сям’я, дзе ёсць чалавек, якім можна ганарыцца, якога можна ставіць у прыклад дзецям, унукам і праўнукам. Чалавек, памяць пра якога не дазволіць пераступіць мяжу дазволенага. Такім чалавекам для сваіх нашчадкаў быў і застаецца Канстанцін Антонавіч Абазоўскі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза, чыё імя носіць Астровенская сярэдняя школа.
Калі да назвы школы дабаўляецца ўласнае імя героя, гэта робіць установу адукацыі сапраўды ўнікальнай, адлюстроўвае яе важную выхаваўчую місію, глыбокую сувязь з гісторыяй.
Пачуццё любові да Радзімы пачынаецца з захаплення вялікімі справамі і подзвігамі сваіх суайчыннікаў, з павагі да продкаў, гонару за свой народ і сваю краіну. Прапушчаныя праз дзіцячае ўспрыманне, гэтыя пачуцці фарміруюць у маладога пакалення асновы патрыятызму і грамадзянскасці.
Менавіта таму патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне з’яўляюцца вядучымі накірункамі дзейнасці Астровенскай сярэдняй школы імя К. А. Абазоўскага.
У рамках Вахты Памяці, прысвечанай 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, 3 чэрвеня ў школе правялі ўрок мужнасці для вучняў 9, 11 класаў «Вазьмі сабе ў прыклад героя…» з удзелам унучатых пляменнікаў К. А. Абазоўскага — Ірыны і Аляксандра.
Падчас сустрэчы з вуснаў прысутных гучалі словы шчырай падзякі славутаму продку — герою вайны.
6 мая 2022 года Астровенскай школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза К. А. Абазоўскага. Педагогамі і навучэнцамі шмат зроблена ў справе ўвекавечання памяці легендарнага ваеннага лётчыка. Штогод арганізуюцца флэшмобы, даследчыя экспедыцыі, музейныя ўрокі, урачыстыя лінейкі, дыялогавыя пляцоўкі і гасцёўні…
Імя значнага для краіны чалавека ў назве школы — гэта перш за ўсё пачуццё гонару, дачыненне да гістарычнага мінулага і асабісты прыклад для падрастаючага пакалення. Звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, Ірына і Аляксандр параілі ім заўсёды памятаць пра подзвігі сваіх слаўных продкаў, мець адказнасць, выхоўваць у сабе гонар і годнасць, каб захаваць гістарычную праўду і перадаць яе нашчадкам.
Таксама госцем мерапрыемства стаў Леанід Мікалаевіч Акулёнак, ветэран працы, член Саюза журналістаў краіны, былы фотакарэспандэнт раённай газеты «Зара». Падчас мерапрыемства ён расказаў пра сваё захапленне фатаграфіяй і стварэннем фільмаў на іх аснове. Самастойна займаецца Леанід Мікалаевіч і выпускам кніжак пра гісторыю роднага краю, з’яўляецца аўтарам персанальных выстаў. Увазе дзяцей і дарослых былі прадстаўлены фільмы. Сярод іх — «Нашчадкі Перамогі», пра святкаванне Дня Перамогі ў нашым раёне, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ушанаванне памяці яе герояў.
Мерапрыемства прайшло ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Да Памятнай дошкі ўскладзены кветкі.
Напрыканцы сустрэчы па добрай традыцыі нашчадкі К. А. Абазоўскага пасадзілі саджанцы бэзу — «Дрэва героя». Так установа адукацыі бярэ на сябе ганаровую місію — захоўваць і перадаваць памяць праз пакаленні.
Марыя Любачка, настаўніца Астровенскай СШ імя К. А. Абазоўскага.