7 верасня ў краіне будзе адзначацца Дзень беларускага пісьменства. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.
Менавіта ў кнігах, у словах паэтаў і мысляроў адлюстроўваюцца гісторыя народа, яго слаўныя справы. Беларусам ёсць чым ганарыцца — беларуская пісьменнасць мае шматвяковыя традыцыі.
Нагадаем, што ўпершыню ўрачыстасці, прысвечаныя роднаму слову, прайшлі ў старажытным Полацку ў 1994 годзе. А ў 1998-м быў прыняты ўказ Прэзідэнта «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь», згодна з якім Дзень беларускага пісьменства стаў штогод адзначацца ў першую нядзелю верасня. З гэтага моманту свята атрымала асабліва шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.
Як лічаць некаторыя навукоўцы, пісьменнасць у старажытнабеларускай мове з’явілася яшчэ ў X стагоддзі. Заснавана яна была на кірыліцы, якой карысталіся ўсе славянскія мовы, і спачатку працягвала старажытнарускую традыцыю па перапісванні богаслужбовых кніг.
Беларусь заўсёды адносілася да краін з высокай кніжнай культурай. Гісторыя беларускай кнігі вельмі багатая на вялікіх людзей, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё культуры не толькі нашай краіны, але і свету. Гэта і Францыск Скарына, фрэска з выявай якога ўпрыгожвае сцяну Падуанскага ўніверсітэта побач з партрэтамі іншых гігантаў Адраджэння. Гэта і Кірыл Тураўскі, стоўпнік і прапаведнік, які напісаў паэтычнае
«Слова пра мудрасць». Вядомыя таксама Еўфрасіння Полацкая, падзвіжніца, якая ўпадабала мёд нябеснай мудрасці золату княжацкай славы, і Сімяон Полацкі, чыю творчасць навукоўцы лічаць не толькі адным з вытокаў беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатра.
Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Сёлета ўжо XXXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе. Мерапрыемствы запланаваны на 6 і 7 верасня і будуць прысвечаны некалькім значным датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны, а таксама юбілеям выдатных дзеячаў нацыянальнай літаратуры.