Борис Беляженко: жизнь и творчество белорусского писателя - Зара Бешенковичи
Close
Курс валют: $ 2.9089 | € 3.3674 | ₽100 3.7168 | 
 Погода в Бешенковичах: 3 °Cпасмурно

Борис Беляженко: жизнь и творчество белорусского писателя

2 снежня спаўняецца 20 гадоў з дня стварэння Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Галоўнай мэтай грамадскай арганізацыі і ўсіх яе членаў з’яўляюцца захаванне, прапаганда і памнажэнне літаратурных традыцый, помнікаў айчыннай літаратуры, стварэнне новых літаратурных твораў, якія адлюстроўваюць рэальнае жыццё грамадства, нясуць пазітыўную высокамаральную задачу па выхаванні патрыятызму і любові да Айчыны, роднай зямлі, працы, захаванні міру на зямлі.

Уцяперашні час ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» налічвае звыш 700 членаў і стала адным з найбуйнейшых літаратурных аб’яднанняў на тэрыторыі былога СССР, лічыцца пераемнікам Саюза пісьменнікаў БССР.
На неймаверна багатай на літаратурныя традыцыі Віцебшчыне, якая дала свету шырока вядомыя імёны Еўфрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага, Францыска Скарыны, узрасціла такіх яркіх таленавітых пісьменнікаў, як Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Еўдакія Лось і іншых, над стварэннем новых твораў і папулярызацыі айчыннай літаратуры працуюць больш за 40 творцаў. Ганаровым членам «Саюза пісьменнікаў Беларусі» быў і наш зямляк, паэт, пісьменнік, гумарыст, журналіст і актыўны грамадскі дзеяч Барыс Паўлавіч Беляжэнка.

Нарадзіўся ён 5 чэрвеня 1937 года ў мястэчку Бачэйкава ў сям’і служачага. Дзяцінства было цяжкім. Падчас Вялікай Айчыннай вайны бацька пайшоў на фронт, а маці зведала ўсе цяжкасці і выпрабаванні фашысцкіх канцлагераў.

У 1945 годзе Барыс Беляжэнка пайшоў у першы клас Бачэйкаўскай школы, якая размяшчалася ў панскім палацы, а скончыў школу ўжо ў Бешанковічах. Працаваў старшым піянерважатым Навікоўскай сярэдняй школы, інструктарам Бешанковіцкага Дома піянераў і школьнікаў. Служыў на Балтыйскім ваенна-марскім флоце. Пасля настаўнічаў у Чаўнышкаўскай НСШ, быў дырэктарам Бешанковіцкага раённага Дома піянераў і школьнікаў, супрацоўнікам нашай раённай газеты «Зара», сакратаром партыйнай арганізацыі, намеснікам старшыні калгаса «Герой працы», інструктарам Бешанковіцкага райкама партыі, дырэктарам Пуськаўскай васьмігодкі ў Чашніцкім раёне.

У 1965 годзе Барыс Паўлавіч скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Загадваў Чашніцкім раённым аддзелам народнай адукацыі, працаваў намеснікам старшыні Чашніцкага райвыканкама. Пасля вучобы ў Мінскай вышэйшай партыйнай школе быў інструктарам, лектарам, загадчыкам сектара друку, тэлебачання і радыё Віцебскага абкама КПБ. Пазней працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў абласной газеты «Віцебскі рабочы», тэхсакратаром абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, рэдактарам навуковага часопіса ВДУ, кіраваў літаратурнай школай пры ўніверсітэце.
Як пісьменнік выявіў сябе ў самых разнастайных літаратурных жанрах: мяккай і ўдумлівай лірычнай паэзіі, дынамічных і лагічна вывераных дэтэктывах, вострай сатыры і дасціпным гумары, па-філасофску сціслых і глыбокіх афарызмах, насычаных багатым факталагічным матэрыялам літаратурна-краязнаўчых артыкулах і эсэ.

Асноўныя тэмы і матывы кніг Барыса Паўлавіча — любоў да роднай зямлі, мужнасць народных мсціўцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, спроба асэнсаваць ролю паэта ў грамадстве і месца чалавека ў жыцці. Асобае значэнне ў творчасці пісьменніка набыла пушкінская тэматыка.
Друкавацца пачаў з 1958 года. Беляжэнка — аўтар зборнікаў вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977), паэмы «Свята пумы» (1977), аповесці «Каляровыя фотакарткі» (1988), даследаванняў пра жыцце і творчасць вялікага асветніка Васіля Цяпінскага. Шырокаму колу чытачоў добра вядомы дзякуючы кнігам «Крык у ціхай затоцы» (1997), «Пушкин — древо рода — Белая Русь» (2001), «Званочак і цюльпан» (2004), «Россыпь изречений и афоризмов» (2006), «Тайна иволги» (2007), «Сны и дороги» (2008), «Успаміны пра майго асла» (2008), «Волшебная мельница» (2008), «Круги земные» (2009), «Дарога Бачэйкава — Бешанковічы» (2014). Шматлікія творы і літаратуразнаўчыя артыкулы з-пад яго пяра выходзілі і ў перыядычным друку.

Барыс Паўлавіч захапляўся не толькі літаратурай, але і музыкай. На яго вершы напісаны песні кампазітарамі Я. Касалапавым, Н. Усцінавай, Г. Цыбуліч, В. Гарбатоўскім, Н. Бондар-Галавач і іншымі. Музыку ён пісаў і сам.

Наш зямляк узнагароджаны медалямі «За доблесную працу», «Ветэран працы», нагрудным знакам «50 год ВЛКСМ», граматай Прэзідыума рэспубліканскага таварыства «Веды», граматай Саюза пісьменнікаў БССР, Ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама і іншымі. Ён тройчы лаўрэат рэспубліканскага конкурсу на лепшую кнігу. За кнігі «Сны и дороги» і «Волшебная мельница» стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча. Узнагароджаны нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру». Станавіўся лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі за кнігу «Дарога Бачэйкава — Бешанковічы». У апошнія гады свайго жыцця працаваў над гістарычнай аповесцю пра вядомага беларускага асветніка XVI стагоддзя Васіля Цяпінскага. Часопісны варыянт гэтага твора пад назвай «Таямніцы Цяпінскага ўзгорка» быў апублікаваны ў 2014 годзе ў часопісе «Нёман».

Памёр Барыс Паўлавіч 12 ліпеня 2016 года. Пахаваны ў Віцебску, а памяць жыве. У 2019-м годзе мемарыяльная дошка і музейны пакой памяці паэта і празаіка Барыса Беляжэнкі адкрыты ў Бачэйкаўскай сельскай бібліятэцы, установе культуры прысвоена яго імя.

Знаёмства з творчасцю знакамітага земляка, яго творы дапамагаюць бачэйкаўцам адчуць гонар за свой край, глыбей зразумець яго гісторыю і культуру праз прызму літаратуры, а таксама такія важныя жыццёвыя каштоўнасці, як дабрыня, сумленнасць і любоў да Радзімы.

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top