Выпускнікі школ раёна рыхтуюцца да здачы ўступных экзаменаў. Пробнае тэстыраванне для іх наладжвае Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па матэрыялах рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
Першы яго этап прайшоў на базе СШ №1 райцэнтра. На рэпетыцыю цэнтралізаванага тэстыравання прыйшлі 95 юнакоў і дзяўчат з гімназіі, двух гарадскіх школ, а таксама са Свячанскай, Вярхоўскай, Ульскай, Бачэйкаўскай, Астровенскай СШ. На працягу трох дзён выпускнікі экзаменаваліся па рускай, беларускай і замежнай мовах, матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве.
Другі этап пробнага тэстыравання запланаваны на люты 2012 года. Ён дапаможа школьнікам сакцэнтаваць увагу на найбольш праблемных момантах па абраных дысцыплінах, каб паглыбіць веды і больш вынікова здаць уступныя тэсты. Трэці этап пройдзе ў красавіку. Гэты іспыт будзе кантрольным, тэставыя заданні на ім звычайна максімальна набліжаныя да тых, што здаюцца падчас цэнтралізаванага тэстыравання.