1 верасня ў школах раёна прагучаў першы званок, які паклікаў у падарожжа па краіне ведаў 1533
школьнікі. Урачыстая лінейка з нагоды Дня ведаў прайшла і ў СШ №1 райцэнтра. Сёлета тут за парты селі 464 вучні. З хваляваннем чакалі гэтага дня хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўпершыню прайшліся па школьных калідорах. У гэтым навучальным годзе ў СШ №1 у трох класах налічваецца 51 першакласнік.
З прывітальным словам да педагогаў, вучняў і іх бацькоў звярнулася дырэктар школы Вера Уладзіміраўна Марціновіч. Словы віншаванняў гучалі з вуснаў настаўніцы 1 “Б” класа Людмілы Уладзіміраўны Воранавай, ад імя бацькоў выступіў Ігар Віктаравіч Семяніда.
Па традыцыі слова далі першакласнікам, а потым святочную эстафету падхапілі адзінаццацікласнікі. Яны далі наказ самым маленькім школьнікам, а музычны нумар у выкананні старшакласніц надаў святу ведаў яшчэ больш урачыстасці.
І вось зазвінеў першы школьны званок. Яго далі Мікіта Бурко і Ульяна Качан (на здымку). Першакласнікі ў суправаджэнні старэйшых школьных сяброў і бацькоў пайшлі на свой першы школьны урок.