За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Лепшы Цэнтр (Дом) рамёстваў» Бешанковіцкі Дом рамёстваў – філіял дзяржаўнай установы культуры «Бешанковіцкі раённы цэнтр культуры» — па выніках работы за 2025 год прызнаны лепшым на Віцебшчыне і адзначаны дыпломам абласнога выканаўчага камітэта.

«Узнагарода, — кажа загадчык Дома рамёстваў, народны майстар Беларусі, член Саюза майстроў Беларусі Алеся Аўчыннікава, — гэта вынік карпатлівай працы ўсяго нашага дружнага калектыву, прызнанне таго, што мы рухаемся ў правільным накірунку, захоўваючы традыцыі продкаў і перадаючы іх будучым пакаленням. За кожнай выставай, кожным мерапрыемствам стаяць бяссонныя ночы майстроў, пошук унікальных тэхнік і шчырая любоў да народнай творчасці.
Бешанковіцкі Дом рамёстваў сёння — гэта не проста ўстанова культуры, а жывы механізм, дзе кожны супрацоўнік укладвае часцінку душы ў агульную справу. Мы не плануем спыняцца на дасягнутым. Наадварот, гэта ўзнагарода дае нам магутны імпульс для новых творчых эксперыментаў і рэалізацыі самых смелых ідэй».
Сваю гісторыю ўстанова адлічвае з 1995 года, у 2023-м калектыў адсвяткаваў наваселле ў новым будынку з цэнтральным водазабеспячэннем, каналізацыяй, асобнай кацельняй на цвёрдых відах паліва. Тут абсталявалі кабінеты для работы гурткоў, заняткаў рамёствамі, выставачныя залы для пастаяннай і часовых экспазіцый. У 2024 годзе правялі бягучы рамонт даху, фасада, добраўпарадкавалі тэрыторыю, набылі мэблю для выставачнай залы, муфельную печ, швейную машыну і іншае.
✓ «Калектыў Дома рамёстваў невялікі, тут працуюць 7 спецыялістаў, якія валодаюць 17 відамі рамёстваў. У іх ліку ганчарства, ручная лепка традыцыйнай цацкі-свістулькі, маляванка, роспіс па дрэве, шкле і кераміцы, выцінанка, вышыўка крыжам, саломапляценне, пляценне з бісеру, карункаў і паясоў, лапікавае шыццё, выраб традыцыйнай і аўтарскай цацкі, элементаў традыцыйнага касцюма, пісанка, набіванне, інсітнае мастацтва, — расказвае загадчык сектара культуры райвыканкама Марына Пясецкая. — Вядуцца заняткі ў 7 гуртках, у тым ліку 1 – для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Студыя майстроў традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Скарбонка» носіць званне «народная».
Майстры з’яўляюцца носьбітамі трох элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, маюць 6 пераемнікаў, праводзяць значную работу па захаванні і папулярызацыі элементаў. Толькі летась яны прымалі ўдзел у міжнародным пленэры ганчароў «Гліна спявае» ў Копысі, міжнародным праекце Расійскага фонду міру «Зямля крывічоў», міжнародным свяце-конкурсе традыцыйнай свістулькі «Салавейка» ў Віцебску, адкрытым свяце-конкурсе майстроў па саломапляценні «Папараць-кветка», рэспубліканскай выставе «Калядныя ўзоры», інсітнага мастацтва — «Інсіта — 2025», абласной выставе па саломапляценні «Сонечная спадчына», абласных выставах-конкурсах сувенірнай прадукцыі «Ад майстра да вучня», «Віцебскі сувенір».
Супрацоўнічалі з Цверскім музеем традыцыйнай цацкі «Игрушкин дом», прымалі ўдзел у стварэнні калекцыйнага фонду музея: на захаванне перададзена больш за 20 экзэмпляраў традыцыйнай бешанковіцкай свістулькі. Арганізавалі выставу мастака-інсітніка Антаніны Маісеевай «Не зарастаюць памяці сляды» і сустрэчу з творцай, якая з’яўляецца выхаванкай Астровенскага дзіцячага дома.
Актыўна праводзяцца ў Доме рамёстваў майстар-класы, практыкумы, лекцыі і інфармацыйныя гадзіны для жыхароў і гасцей раёна, дзейнічаюць клубныя фарміраванні «Свісцёлачка» і «Залатая саломка». У праграму ўключаны курс па вывучэнні і стварэнні традыцыйных элементаў. Свістулька прапануецца як брэндавы сувенір раёна. Цесная сувязь наладжана са сродкамі масавай інфармацыі, дзе перыядычна асвятляецца дзейнасць культустановы па папулярызацыі традыцыйнай цацкі».
Майстры Бешанковіцкага Дома рамёстваў – сапраўдныя «захавальнікі культурнага кода» свайго рэгіёну. Яны не толькі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах рознага кшталту, але і вяртаюцца з іх дадому з узнагародамі. Так, на абласной выставе-конкурсе «Аклады для абразоў. Традыцыі і сучаснасць» за І месца ў намінацыі «Лепшы арыгінальны аклад з выкарыстаннем розных матэрыялаў» дыпломам узнагароджана Алеся Аўчыннікава, за ІІІ месца ў намінацыі «Лепшы аклад з натуральных раслінных матэрыялаў» – Алена Пагарэльская.
Дыпломамі лаўрэатаў I ступені Алеся Аўчыннікава і Ірына Мельнік адзначаны на міжнародным конкурсе фальклору і рамёстваў «Смаленскі ражок». Першая — у намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ганчарнае мастацтва і кераміка», другая — у намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Інтэр’ерная лялька і цацка». Дыпломам лаўрэата II ступені ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Лепшая работа па тканіне» ўзнагароджана Ганна Гудоўская.
«Ураджайнай» для нашых майстроў і ўдзельнікаў студыі «Скарбонка» была і абласная выстава-конкурс прадметаў побыту «У гаспадара і гаспадыні»: дыпломам І ступені ў намінацыі «Лепшая рэпліка прадмету побыту гаспадара» адзначаны Станіслаў Леаненка, ІІІ ступені – Алеся Аўчыннікава і Мікалай Барсукоў, ІІ ступені ў намінацыі «Мастацкія вобразы» — Галіна Ханяк.
Годна адзначаны былі бешанковіцкія майстры таксама на абласной выставе мастацкага роспісу «Казачны куфэрак»: дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі «Мастацкі роспіс шкла» — у Алесі Аўчыннікавай, ІІ ступені ў намінацыі «Аўтарскі мастацкі роспіс» – у Марыны Гайсёнак, ІІІ ступені ў намінацыі «Мастацкі роспіс тканіны» – у Ганны Гудоўскай. На абласным этапе XIV рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод» дыпломам І ступені былі ўзнагароджаны выхаванцы Бешанковіцкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ілля Гайдукоў, Мікалай Дзянішчыц і Вікторыя Шніпава (з дзецьмі займалася Алеся Аўчыннікава).
У скарбонцы ўзнагарод шмат дыпломаў і падзяк майстрам філіяла за захаванне і папулярызацыю беларускіх традыцыйных рамёстваў, актыўны ўдзел у правядзенні абласных святаў «Купала-фэст», «Яблычны фэст», абласной выставы аўтарскай лялькі і мяккай цацкі «Цацачныя гісторыі», ІІІ адкрытага абласнога свята-конкурсу выцінанкі «Ажурныя мары», выставы-конкурсу «Ад зерня да каравая» ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці «Дажынкі – 2025», інтэрактыўнай выставы-конкурсу мастацкіх вырабаў «Птушыны перапалох» у межах экалагічнага свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», творчага адукацыйнага праекта «Школа ганчара», выставы-кірмашу «Калядны карагод», дабрачыннай акцыі «Шар дабра». А таксама рэспубліканскай выставы інсітнага мастацтва «Інсіта – 2025», міжнароднай медыя-выставы «Зямля крывічоў. Традыцыі і рамёствы», абменнай выставы з Пскоўскай вобласцю «Палатняныя пераплёты», майстар-класаў на творчай пляцоўцы Віцебскай вобласці ў межах рэспубліканскай выставы «Мая Беларусь» і іншых.
У 2025 годзе супрацоўнікі Дома рамёстваў удзельнічалі ў этнаграфічных экспедыцыях. У аграгарадку Ула знойдзена свістулька «Конік», у Астроўне — саламяныя павукі, рэшткі кафлі і дзве мужчынскія вышываныя кашулі. У вёсцы Асавец мясцовы жыхар перадаў у фонд Дома рамёстваў два тканыя браныя рушнікі, дзве тканыя посцілкі і посцілку-сетку з вышыўкай.
На працягу года ладзіліся шматлікія выставы, найбольш значныя з іх — выстава работ майстроў Ганны Гудоўскай і Людмілы Белавус «Жаночы дзень», аўтарскай лялькі «Тутэйшыя» Галіны Ханяк, а таксама работ майстроў Дома рамёстваў на раённым свяце да Дня Перамогі «Свята мірнага неба», у межах правядзення рэспубліканскага семінара «Таленты зямлі бешанковіцкай», на раённых святах «Назад у СССР», «Троіцкі фестываль» у аграгарадку Астроўна, сувенірнай брэндавай прадукцыі — на рэспубліканскай выставе-кірмашы «Адпачынак – 2025» і г. д.
Усяго летась праведзена больш за 290 мерапрыемстваў, якія наведалі звыш 9000 чалавек, з іх 122 мерапрыемствы — на платнай аснове. Для насельніцтва раёна філіял прапануе і платныя паслугі: экскурсіі, гульнёвыя праграмы, казкі тэатра-батлейкі, майстар-класы, выставы, лекцыі, інфармацыйныя гадзіны, творчыя сустрэчы, выраб па заказе сувенірнай прадукцыі, святочную бяспройгрышную латарэю і іншыя.
За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё сферы культуры загадчык Дома рамёстваў Алеся Аўчыннікава была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення Віцебскага аблвыканкама.
Словам, першае месца ў вобласці —гэта не проста поспех аднаго года, а заканамерны вынік адданасці сваёй справе. Перамога даказала, што калектыў Бешанковіцкага Дома рамёстваў сёння па праве лічыцца лідарам у захаванні культурнай спадчыны Віцебшчыны. І гэты ганаровы статус дае ўпэўненасць у тым, што наперадзе майстроў чакаюць яшчэ больш смелыя праекты і новыя творчыя вяршыні, якімі будзе ганарыцца ўвесь наш раён.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.




