Адыходзячы год быў плённым для сельгасвытворцаў раёна шмат па якіх пазіцыях. Каб утрымаць узятыя рубяжы і ў новым сезоне, па завяршэнні ўсіх сельгасработ на палетках аграрыі пачалі падрыхтоўку тэхнікі да пасяўной кампаніі 2013 года.
Да вясны яшчэ далёка. Але ў аддзяленні “Ляхаўшчына” ПУП “Свіціна-ВМК” не губляюць марна час. Па словах выконваючага абавязкі кіраўніка аддзялення “Ляхаўшчына” Сяргея Віктаравіча Латышава, прадпрыемства ўкладвае ўласныя сродкі ў падрыхтоўку машынна-трактарнага парку да эксплуатацыі вясной. Работы пачалі з догляду прычапнога інвентару.
Клопат пра тэхніку ўзялі на сябе механізатары. Для іх у майстэрнях ствараюцца належныя ўмовы працы ў зімовы перыяд. За пару тыдняў на прадпрыемстве адрамантавалі тры глебаапрацоўчыя чызелі, ужо пастаўлены на лінейку гатоўнасці ўсе плугі. Закуплены запасныя часткі для сеялкі маркі “АПП” і дыскатара.
Дарэчы, пытанне падрыхтоўкі машынна-трактарнага парку да выхаду вясной у поле трымаецца на кантролі на раённым узроўні. Упраўленне райсельгасхарчу плануе штотыдзень праводзіць семінары па рамонце тэхнікі з выездам у гаспадаркі па графіку. Першы з іх прайшоў у суботу на базе ПУП “Свіціна-ВМК”.