Зноў п’яныя курцы…


Прайшоўшыя святы азмрочаны трагедыямі: 7 і 9 сакавіка на тэрыторыі раёна адбыліся яшчэ два пажары, у агні загінуў чалавек, другі мужчына з апёкамі дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, дзе пазней памёр.


Першы званок на дыспетчарскі пульт раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіў напярэдадні Дня жанчын у 23 гадзіны 56 хвілін. Гарэў жылы дом у вёсцы Ржаўка Верхнякрывінскага сельсавета. Калі выратавальнікі прыехалі на месца, агонь ва ўсю ўладарыў на плошчы каля 70 квадратных метраў, ужо часткова абваліліся дах і столь. Каб патушыць яго, чатыром пажарным аўтацыстэрнам спатрэбілася паўтары гадзіны.


Цела гаспадара дома знайшлі на падлозе. Л. Каралін 1956 года нараджэння жыў адзін…


— Прычына загарання ўстанаўліваецца, — паведаміў рэдакцыі інспектар па прапагандзе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях В. М. Галыня, — аднак па папярэдніх дадзеных  можна канстатаваць, што гаспадар дома атруціўся чадным газам.


9 сакавіка вечарам загарэўся жылы дом у Камосках. Яго гаспадар 1962 года нараджэння таксама жыў адзін, нідзе не працаваў.


Дзяжурны каравул пажарных паспеў вынесці мужчыну жывым. На ложку тлелі матрац і пасцельная бялізна, М. Варошка ляжаў на падлозе. Побач было поўна акуркаў і пустых бутэлек з-пад віна…


— Людзі пацярпелі з-за ўласнай абыякавасці і бяздумнасці, — кажа В. М. Галыня, — выпілі, закурылі, заснулі і не заўважылі, як апынуліся ў эпіцэнтры пажараў.


Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях яшчэ раз напамінае жыхарам Прыдзвіння пра неабходнасць строга захоўваць правілы пажарнай бяспекі. Будзьце асцярожныя ў абыходжанні з агнём, не курыце ў ложках, каб бяда не прыйшла і ў вашу сям’ю.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *