Ярмарка

Новости района

Не прэстыжная, але дастаткова адказная і вельмі патрэбная прафесія ў Людмілы Васільеўны Мігун – яна санітарачка цэнтральнай раённай бальніцы. Ад яе залежыць парадак у кабінетах урачоў, наколькі там прыбрана, памыта, працёрта. Пацыенту таксама прыемна зайсці ў выключна чысты кабінет. Калідор, па якому ўзад-уперад рухаюцца дзясяткі людзей, таксама павінен ззяць чысцінёй. Словам, задача ў санітарачкі Людмілы Мігун няпростая – усё трымаць у парадку. І трэба сказаць, што жанчына са сваімі абавязкамі паспяхова спраўляецца. І не год-два, а ўжо роўна трыццаць гадоў, менавіта столькі мінула часу з той пары, калі яна пераступіла парог гэтай установы аховы здароўя.


Людміла Васільеўна Мігун нарадзілася ў вёсцы Лугоўскія, што на Гарадоччыне. Пасля школы скончыла Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум і два гады працавала кантралёрам вымяральных прыбораў і спецінструмента. А потым выйшла замуж і маладой дзяўчыне давялося пераехаць у Бешанковічы. Тут такога завода не знайшлося, таму ёй прыйшлося змяніць набытую ў горадзе на Дзвіне прафесію. І не шкадуе – у райцэнтры ў яе нарадзіліся двое дзетак – сынок і дачушка, тут яна дачакалася і сваіх дарагіх унукаў.


У калектыве райбальніцы Людміла Васільеўна заслужыла павагу і аўтарытэт не толькі сярод калег па «санітарнаму цэху», але і ўрачоў. За добрасумленныя адносіны да выканання сваіх службовых абавязкаў Людміла Васільеўна адзначалася граматамі, прэміямі, каштоўнымі падарункамі.


– Мы звычайна трымаем у полі зроку ўрачоў, і гэта, лічу, справядліва, але не павінны забываць і пра людзей вось такой прафесіі, як санітарачка. Без іх мы б проста прапалі, паколькі ім штодзённа даводзіцца выконваць вялікі аб’ём работ. У тым ліку і Людміле Васільеўне. Добрасумленны яна працаўнік! – заўважыў пры размове галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Валянцінавіч Керэмша.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *