Ад працы — да заможнасці і дабрабыту

Заботы сельские

   Чарговы Дзень жывёлавода прайшоў у ААТ “Бачэйкава-Агра”. На комплексе “Клешчыно” сабраліся жывёлаводы з ферм “Клешчыно”, “Барацьба”, “Навасёлкі”. На сустрэчу завіталі начальнік вытворчага аддзела па жывёлагадоўлі ўпраўлення райсельгасхарчу І. П. Марковіч, галоўны ветурач раёна В. М. Масько і вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. В. Бабаед.


Старшыня ААТ “Бачэйкава-Агра” В. В.  Родзіч пазнаёміў прысутных з новым галоўным заатэхнікам Аляксеем Міхайлавічам Дойліным, а потым і з вынікамі работы жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі за 2010 год, задачамі на бягучы год і перспектывамі развіцця на пяцігодку. Віктар Віктаравіч адзначыў, што пры заданні 108% па валавай вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі гаспадарка выйшла на 109%. На карову атрымана 3600 кілаграмаў малака, сёлета плануецца выйсці на 4 тысячы на ўмоўную галаву.
   Стаіць задача – палепшыць якасць малака. Найбольш стабільныя вынікі ў малочнай жывёлагадоўлі дэманструе калектыў комплекса “Клешчыно”, дзе атрымліваюць прадукцыю класа “Экстра”. Раўняецца на яго і МТФ “Барацьба”. Астатнія пакуль даюць малако вышэйшага гатунку. У цэлым малочная жывёлагадоўля ў гаспадарцы рэнтабельная. Па комплексе яна складае 14%, а ў сярэднім па сельгаспрадпрыемстве – 8-9%. Ёсць праблемы ў мясной жывёлагадоўлі, але і  яны паступова вырашаюцца.
   Разважаючы пра дзень сённяшні, кіраўнік ААТ “Бачэйкава-Агра” спыніўся на пытаннях працоўнай дысцыпліны, адказных адносінах да сваіх абавязкаў даярак і начных вартаўнікоў, эфектыўнай арганізацыі працы,  правільнага падыхода да жывёлы і забеспячэння парадку на фермах, што напрамую ўплывае на захаванасць статка і вытворчыя паказчыкі.
     Увага была звернута на камплектацыю ферм маладняком і закуп цялят у насельніцтва. Летась, напрыклад, гаспадарка заключыла 136 дагавораў кантрактацыі, сёлета плануе набыць у насельніцтва 150 галоў маладняку. За кожную даюць неблагую цану – 10 тысяч рублёў за кілаграм жывой вагі: 6 тысяч выплочваецца грашамі, а 4 аддаюць у форме натураплаты — збожжам.
   Сярод бліжэйшых перспектыў — развіццё ў ААТ “Бачэйкава-Агра” мясной жывёлагадоўлі. Для гэтых мэт вызначаны жывёлагадоўчыя аб’екты “Бачэйкава” і “Далосцы”.
  Плануецца і будаўніцтва сучаснага бульбасховішча, што дазволіць  павялічыць плошчы вырошчвання другога хлеба да 250 гектараў.
   На свае вытворчыя магутнасці выходзіць і комплекс “Клешчыно”, які з’яўляецца візітнай карткай раёна. Зараз тут на бяспрывязным утрыманні знаходзяцца 750 галоў буйной рагатай жывёлы. Летась, напрыклад, на комплексе атрымалі 1791 тону малака ці 4055 кілаграмаў на ўмоўную галаву. Таварнасць малочнай прадукцыі склала 91%. Класам “Экстра” атрымана  90% малака, 9% – вышэйшым і 1% — першым. На 2011 год стаіць задача – здаць 100% прадукцыі гатункам “Экстра”, надаіць не менш 5 тысяч кілаграмаў на карову.
   Як расказала начальнік комплексу Ірына Віктараўна Асташкевіч, абслугоўваюць комплекс 16 рабочых, у іх ліку 4 даяркі, якія даглядаюць 541 карову. Іх праца максімальна механізавана і камп’ютарызавана. У даільнай зале ўстаноўлена прамысловая лінія, якая дазваляе адначасова абслужыць 40 буронак. Паклапаціліся на комплексе і пра стварэнне належных умоў працы, жывёлаводам ёсць дзе пераапрануцца, прыняць душ. Куплены дзве пральныя машыны, адна з іх выкарыстоўваецца для мыцця сурвэтак, другая – для спецадзення. Людзі цэняць такі клопат пра іх і імкнуцца аддзячваць гаспадарку сумленнымі адносінамі да справы, падкрэсліла І. В. Асташкевіч.
   Падчас правядзення Дня жывёлавода былі закрануты пытанні маральнага стымулявання і даплат працаўнікам жывёлагадоўчай галіны, зняты надзённыя праблемы.
   Пры падвядзенні вынікаў сустрэчы шчырыя словы падзякі ўсім бачэйкаўскім жывёлаводам за ўклад у развіццё народнай гаспадаркі выказала вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Святлана Віктараўна Бабаед, пажадала і надалей працаваць якасна, ганарыцца сваёй прафесіяй і імкліва ісці абраным курсам: ад працы – да заможнасці, дабрабыту і квітнення.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *