Бешанковіцкі край – у цыкле “Зямля беларуская”

2017 год - Год науки

На гэтым тыдні ў раёне працавала здымачная група першага нацыянальнага тэлеканала.
У межах праекта БТ “Зямля беларуская” здымалася кароткаметражная стужка пра бешанковіцкі край.   Трынаццаціхвілінны фільм раскажа пра легенду паходжання назвы і першае ўпамінанне Бешанковічаў, гістарычнае мінулае і жывапісную прыроду нашага краю, будаўніцтва Свята-Ільінскай царквы і радзіму мастака Івана Хруцкага, а таксама пра наш рэгіянальны масленічны абрад “Цяганне калодкі”, які захаваўся са старажытных часоў.
  – Праект “Зямля беларуская”, – паведаміла “Зары” аўтар фільма Алена Панцюхова, – задуманы як серыя кароткіх, недзе па 13 хвілін, фільмаў пра кожны з раёнаў Беларусі. Кожны куток нашай краіны мае свой каларыт, свае легенды, гісторыю… Загадзя мы наладжваем сувязі з мясцовымі краязнаўцамі, гісторыкамі, музеямі, збіраем літаратуру, інфармацыю пра тую мясціну, у якую накіроўваемся. У фільме пра Бешанковіцкі раён мы зробім інсцэніроўку легенды пра паходжанне назвы “Бешанковічы” і інсцэніроўку абрада “Цяганне калодкі”, пра які нам расказала дырэктар раённага Дома культуры Вольга Паўлаўна Качанава. Таксама ў стужцы будуць адлюстраваны старонкі гісторыі краю розных часоў.
  Здымкі фільма праходзілі з панядзелка па сераду ў аграгарадку Двор Нізгалава ў абсталяванай сялянскай хатцы пры вясковай бібліятэцы, а таксама ў ваколіцах райцэнтра. Дарэчы, у інсцэніроўках, якія ўвайшлі ў стужку, у якасці акцёраў былі задзейнічаны толькі мясцовыя артысты: практыкант РДК Уладзіслаў Чарняўскі, вучаніца СШ №2 Ксенія Мінёнак, дырэктар РДК Вольга Качанава, культработнікі Сяргей Яўжэнка, Генадзь Залецкі, Соф’я Панкевіч, а таксама дзеці Вольга Астапчык, Віктар Цапота і Аляксандра Астапчык.
  Фільм пра бешанковіцкі край плануецца паказаць на першым нацыянальным канале ўжо на наступным тыдні.