Шчупака ў сакавіку лавіць нельга

Человек и природа

   З 1 да 31 сакавіка, згодна Правілам вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, устанаўліваецца забарона на лоўлю шчупака.  


   У Беларусі шчупак насяляе вялікія і малыя рэкі, поймавыя вадаёмы, вадасховішчы і сажалкі. Нераст гэтага падводнага драпежніка суправаджаецца значнымі зменамі ў паводзінах: у гэты адказны перыяд шчупак менш рухомы і больш безабаронны перад чалавекам. Нават нязначныя шумы ў момант адкладвання ікры і яе апладнення могуць перапыніць гэты працэс.
  Існуе меркаванне, што шчупак, як драпежнік, нішчыць усё, што трапляецца на шляху, прыносіць шкоду рыбным запасам. Гэта не так. Фактычна шчупак адыгрывае ролю рэгулятара колькасці рыбы ў вадаёмах, не дазваляе біямасе перавысіць яго кармавыя рэсурсы. Ён  жа — санітар, які знішчае хворую і саслабленую рыбу.
    Варта памятаць, што браканьерскае вылоўліванне кожнай асобіны шчупака, якая ўдзельнічае ў нерасце, прыводзіць да знішчэння дзясяткаў тысяч ікрынак, тысяч малькоў. Ніякія выдаткі на штучнае зарыбленне вадаёмаў не папоўняць такія страты. Таму ў перыяд вясновай забароны шкода за незаконнае вылоўліванне кожнай асобіны спаганяецца з браканьераў у трайным памеры, а гэта складае 3 базавыя велічыні за рыбіну. У тым выпадку, калі нанесеная рыбным рэсурсам шкода складае больш за сорак базавых велічынь, наступае крымінальная адказнасць.
Фёдар КАВАЛЕЎСКІ,
дзяржінспектар Лепельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага
і расліннага свету.