Чэрвеньскія сустрэчы кіраўніцтва РАУС

Новости района

Такое меркаванне выказаў журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў на канферэнцыі кіраўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ «Патрыятызм: гісторыя і сучаснасць», якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.


Безумоўна, шмат у чым людзей аб’ядноўваюць гістарычнае мінулае і традыцыі. І новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны добра гэта паказаў, стаўшы важным месцам для кожнага беларуса. Каб пакланіцца пакутам і гераізму нашага народа, сюды штодня прыходзяць тысячы наведвальнікаў. Пазнаёміцца з экспазіцыямі музея, прайсціся па залах, паслухаць займальныя апавяданні экскурсаводаў прадставілася магчымасць і ўдзельнікам канферэнцыі. І тут сапраўды было на што паглядзець і што паслухаць.


Музей складаецца з дзесяці залаў, тэматычна аб’яднаных у чатыры манументальныя блокі, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, перажытыя Беларуссю. На плошчы больш за 3 тысячы квадратных метраў для агляду даступныя звыш за восем тысяч экспазіцыйных матэрыялаў, большасць якіх унікальныя. Як, напрыклад, арыгінал медыцынскай даведкі, падпісанай для нямецкіх акупацыйных уладаў лекарам-падпольшчыкам Клумавым, які такім чынам ратаваў людзей ад адпраўкі ў канцлагер на верную смерць. А нядаўна адзін паважаны ветэран разам з асабістымі франтавымі ўзнагародамі перадаў у музей на вечнае захоўванне трафейны нямецкі гадзіннік, якому больш за сто гадоў.


Завяршылася экскурсія ў самай ўрачыстай зале, якая носіць гордае імя Перамогі. Тут у мармуры навекі высечаныя прозвішчы беларусаў – Герояў Савецкага Саюза і прыраўнаваных да іх поўных кавалераў ордэна Славы, а таксама воінаў, якія атрымалі гэта высокае званне за вызваленне нашай краіны ад нямецкіх акупантаў, ганаровыя найменні воінскіх злучэнняў і частак, якія ўдзельнічалі ў стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён».


Вось дзе сапраўды храм гісторыі! Гісторыі, якую ў імя будучыні павінен ведаць кожны. Пра гэта яшчэ раз нагадаў у сваёй вітальнай прамове Аляксандр Радзькоў.


«Беларусы ў цяперашні час асабліва адчулі, наколькі важна быць адзінымі, разумець сваю Радзіму, гістарычнае мінулае, берагчы гэта, падтрымліваць і ўмацоўваць сваё адзінства. Важна разумець, што пры раз’яднанасці адразу пачынаюцца праблемы, прычым не толькі эканамічныя і палітычныя, але і ваенныя», – адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі.


«Цяпер мы бачым шмат прыкладаў, калі спрабуюць пераасэнсаваць некаторыя гістарычныя падзеі: гераізаваць нацысцкіх злачынцаў, абліць брудам партызанскі рух Беларусі… Апошнія падзеі ў свеце паказваюць: такія гістарычныя і ідэалагічныя вычварэнствы вельмі небяспечныя», – звярнуў увагу кіраўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Станіслаў Зась.


Менавіта таму беларускае нацыянальнае інфармацыйнае поле павінна ўмацоўваць маральныя прыярытэты і арыенціры, выхоўваць грамадзянскую адказнасць, патрыятызм, гістарычную і сучасную перспектыву. Такое меркаванне выказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч.


«Нацыянальная інфармацыйная прастора павінна заставацца лідарам фарміравання грамадскай думкі ў краіне, – перакананая Лілія Ананіч. – Неабходна сур’ёзна і асцярожна ставіцца да слова і таго, што дэманструецца на экранах тэлевізараў, гучыць па радыё. І для гэтага ёсць усе рэсурсы – творчыя, кадравыя і структурныя».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *