В школах района прозвучали последние звонки

Общество

Вясна. Май. Апошні школьны званок. Свята апошняга званка 30 і 31 мая прайшло ва ўсіх навучальных установах раёна.  У аўторак на школьным двары побач са сваімі класнымі кіраўнікамі выстраіліся і вучні Вярхоўскай СШ. Трохі зводдаль — таты, мамы, бабулі, іншыя госці. На пачэсным месцы — сёлетнія выпускнікі: 10 юнакоў і дзяўчат. Прыгожыя, ужо амаль дарослыя. Так было заўсёды, у тым ліку і вясной 1941 года, сем дзесяцігоддзяў назад, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. На шчасце, сённяшняму пакаленню пра тое вядома толькі з падручнікаў гісторыі, мастацкай літаратуры ды кінафільмаў. Яно жыве ў мірнай краіне, мае магчымасць будаваць планы на будучае.


Вынікі навучальнага года падвяла дырэктар школы Л. І. Шведава,  зачытала загад аб допуску вучняў выпускных класаў да дзяржаўных экзаменаў. Вясёлкай талентаў стала цырымонія ўзнагароджання лепшых вучняў, якія сталі пераможцамі шматлікіх школьных і раённых конкурсаў, у тым ліку па агульнафізічнай падрыхтоўцы, дзе юныя вярхоўцы ўжо некалькі гадоў запар займаюць першыя месцы, паказалі добрыя вынікі ў вучобе і прыкладныя паводзіны. Без дапамогі тат і матуль такіх поспехаў, вядома, не было б. Таму падзячныя пісьмы педагогі ўручылі і бацькам лепшых школьнікаў.


Ад імя раённага выканаўчага камітэта прысутных сардэчна павіншавала са святам галоўны рэдактар раённай газеты “Зара” Л. І. Паўлоўская, а таксама старшыня Вярхоўскага сельскага выканаўчага камітэта З. І. Сляская, начальнік Вярхоўскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста А. Л. Цвяткоў, першая настаўніца цяперашніх адзінаццацікласнікаў І. В. Курмель, класны кіраўнік Л. В. Сокалава, участковы інспектар РАУС Ю. І. Ліхаманаў. Яны шчыра пажадалі ўдачы на экзаменах і тэсціраванні і ажыццяўлення самых запаветных мараў, нагадалі дзецям пра правілы летняга адпачынку, выконваць якія павінен кожны непаўналетні.


Пачуцці перапаўнялі як школьнікаў, так і педагогаў, бацькоў. Развітвацца заўсёды вельмі цяжка, асабліва разумелі гэта выпускнікі, якія ледзь стрымлівалі слёзы, каб не расплакацца, дзякавалі педагогам за веды і цеплыню іх сэрцаў, за нястомную, нялёгкую працу, за творчы падыход да яе. Віншаванне адзінаццацікласнікам падрыхтавалі таксама дзесяцікласнікі і вучні першага класа.


Ад імя бацькоў выступіў М. П. Казак, які  падзякаваў педагогам школы за клопат пра дзяцей, іх навучанне і выхаванне. Нагадаў дзецям, што самае важнае ў жыцці – у любых абставінах заставацца чалавекам.


І вось гучыць апошні школьны званок, мелодыя якога злучае  цэлыя пакаленні, мінулае, сённяшняе і будучае. Выпускнікі накіроўваюцца ў школу, у сценах якой прайшлі 11 гадоў іх навучання. Напісана яшчэ адна старонка школьнай гісторыі…


На здымку: апошні званок на апошні ўрок.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *