Водным шляхам

Новости района

На мінулым тыдні турысты з Бешанковічаў і Улы здзейснілі водны паход па рацэ Ульянка. На працягу шасці дзён дванаццаць удзельнікаў паходу рухаліся водным шляхам на лодках і байдарках з Лепельскага раёна праз Чашнікі ў накірунку аграгарадка Ула.
  Як паведамілі ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, кіраваў паходам трэнер ДЮСШ Юрый Віктаравіч Цапота. Водны паход па пройдзеным мясцовымі турыстамі маршруце адносіцца да першай катэгорыі складанасці. Прымалі ўдзел у ім людзі розных узростаў і прафесій, якіх аб’ядноўвае цікавасць да роднай прыроды і вандровак. Асноўнай мэтай паходу было знаёмства і вывучэнне экасістэмы ракі Ульянка, расліннага і жывёльнага свету. Праводзяцца такія паходы і ў межах партнёрства з суседнімі раёнамі вобласці.
  На Бешанковіччыне распрацавана сетка турыстычных маршрутаў рознага напрамку. Напрыклад, акрамя ўльскага, праз наш раён пралягае міжнародны водны маршрут “Бэла Дзвіна”, па рацэ Заходняя Дзвіна да выхаду ў Балтыйскае мора. Зімой мясцовыя турысты ладзяць лыжныя паходы па маршруце Бешанковічы – Ржаўка – Будзілава – Сініцы – Плісы – Астроўна – Бешанковічы. Таксама ў раёне ёсць магчымасць накіравацца ў веласіпедны паход, які пралягае па маршруце Бешанковічы – Пушкары – Астроўна – Плісы – Застарынне – Сініцы – Бешанковічы. Наладжаны і каля дзясятка пешых маршрутаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *