14 октября, в День матери, в районном Доме культуры запланирована концертная программа Самая очаровательная из женщин

Новости района

Дабрыня, каханне, павага, уменне зразумець і дараваць – гэта і ёсць спадарожнікі сямейнага жыцця жыхароў г. п. Бешанковічы Веры Іванаўны і Васіля Сцяпанавіча Шчука, якія 29 лістапада адзначылі «залаты» юбілей сумеснага жыцця. Праз пяць дзесяцігоддзяў яны дастойна пранеслі радасці і трывогі, павагу і давер адзін да другога.


Вось яны сядзяць перада  мною – прыгожыя, адкрытыя душой і сэрцам. Я радуюся гэтай цудоўнай пары, якая, здаецца, нават саромеецца свайго шчаслівага адзінства, той падзеі, што нечакана звалілася на цудоўных, сціплых і добразычлівых людзей.
     Васіль Пятровіч і Вера Іванаўна пазнаёміліся ў Пінску, калі разам вучыліся ў індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме.
     – 29 лістапада 1964 года ў Пінскім гарадскім ЗАГСе мы зарэгістравалі свой шлюб. З той пары па жыцці ідзём поруч, – ахвотна дзеліцца Васіль Пятровіч. – Хутка нарадзіўся наш першынец – сынок Саша. Пазней працавалі ў Полацкім СПТВ-13. Я – майстрам вытворчага навучання, Вера – выкладчыкам працы.
     У далейшым жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі сям’ю ў Бешанковічы – родныя мясціны Васіля Пятровіча, які нарадзіўся ў вёсцы Чаркасы, што на Вярхоўшчыне. Трэба сказаць, што зорак з неба ніхто з іх не хапаў і дзетак (дачушка Леначка нарадзілася ў 1969-м) не калыхаў чорт – усяго дабіваліся самі, сваімі сумеснымі дзеяннямі і намаганнямі.
     У райцэнтры Васіль Пятровіч узначаліў спачатку майстэрню Лабачоўскага спецаддзялення «Сельгастэхніка». А праз тры гады яго прызначылі на пасаду  інжынера-торфмайстра. З 1976-га па 1986-ы гады працаваў начальнікам мехатрада Бешанковіцкай райсельгасхіміі, завочна скончыў Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «Інжынер-механік». Пазней доўгі час быў галоўным інжынерам аўтабазы №8, яшчэ тры гады – тэхнолагам гаража ў райсельгастэхніцы, куды перайшоў па стане здароўя. Неўзабаве грымнула скарачэнне і Шчука на тры месяцы апынуўся на біржы працы. Потым, да ліквідацыі гарсавета ў Бешанковічах, працаваў намеснікам яго старшыні.
     – Вы, Васіль Пятровіч і Вера Іванаўна, добрасумленна адпрацавалі ўсё жыццё. (Вера Іванаўна да выхаду на пенсію займала пасаду інжынера-кадравіка райсельгасхіміі. – Аўт.). А ці заслужылі які ордэн або медаль?
     – Не, – адказвае гаспадар, – няма ў нас ніякіх узнагарод.
     – Пра гэта нават не думалі, – уступае ў гаворку гаспадыня. – Проста шчыра і сумленна выконвалі свой абавязак перад  грамадствам, дзяржавай. Ды дзетак выхоўвалі…
     Старэйшы сын скончыў Віцебскі тэхналагічны тэхнікум, працуе прарабам у ПМК-41,  дачка – Віцебскае медвучылішча. Была старшай медсястрой цэнтральнай райбальніцы, цяпер – у аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі дыягнастычнага цэнтра, што на  базе адпачынку «Крупеніна». Старэйшая ўнучка «залатых» юбіляраў скончыла ў Наваполацку ўніверсітэт па спецыяльнасці «Архітэктура», працуе ў інстытуце «Грамадзянпраект», замужам, мае сына. Малодшая ўнучка вучыцца на трэцім курсе БДУ.
     – Муж для мяне – надзейная апора, – гаворыць Вера Іванаўна. – Ён вельмі ўважлівы, заўсёды дапамагае ва ўсім, у адносінах паміж намі ніколі ніякіх канфліктаў не было. Ды і ці трэба яны нам, звыклым жыць у міры і згодзе, ладзіць паміж сабой?
     – 50 гадоў пражылі дастойна, – гаворыць Васіль Пятровіч.
     – Да згоды прыходзілі заўсёды без лішніх слоў.
     Веры Іванаўне і Васілю Пятровічу хапіла жыццёвай мудрасці і такту, каб вывесці ўласную формулу жыцця і сямейнага шчасця на аснове свайго вопыту. За гэтыя гады іх сямейны ачаг не толькі не згас, а стаў гарэць у тысячу разоў мацней, таму што ля яго цяпер грэюцца іх дзеці, унукі, праўнук. А гэта самае вялікае і значнае дасягненне цудоўнай «залатой» пары з вуліцы Лазо.