В Бешенковичской СШ №2 определили самую дружную семью

Семь «Я»

Бацькі, родныя вучняў 1 “Б” класа СШ  №2 г. п. Бешанковічы сабраліся разам на другім паверсе школы, каб прыняць удзел у свяце “Наша дружная сям’я”. У фае вывесілі тэматычныя газеты, якія дзеці падрыхтавалі разам з дарослымі. Прыняць удзел у конкурсе згадзіліся самыя дружныя, самыя актыўныя, самыя ініцыятыўныя сем’і: Ганчаровых, Дзячук-Машкоўскіх і Краўцовых.   


 “Такая конкурсная праграма, — расказвала культарганізатар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі І. В. Скрабло, — арганізоўваецца ў школе ўжо трэці год запар. Сям’я займае важнае месца ў жыцці кожнага чалавека, расце інтарэс да здаровага ладу жыцця. Таму і дзеці, і дарослыя ахвотна ўдзельнічаюць у падобных мерапрыемствах, што робіць сувязь паміж імі яшчэ больш мацнейшай, а адносіны – больш цёплымі і шчырымі.”
  Вялікая сям’я 1 “Б” класа ў гэты вечар была надзвычай згуртаванай. Вельмі хутка вялікае памяшканне напоўнілася вясёлым гоманам, дзіцячым шчабятаннем і актыўным абмеркаваннем будучых спаборніцтваў – што ды як? Калі праходзілі спаборніцтвы, дзеці выступалі ў якасці гледачоў. А ў перапынках паміж імі станавіліся артыстамі: ставілі сцэнкі, спявалі.
  Удзельнікі праграмы ў конкурсе “Візітная картка” расказвалі пра сябе, свае інтарэсы і захапленні. Матулі дэманстравалі кулінарнае майстэрства, падзяліліся рэцэптамі сваіх фірменных страў. Усе разам спявалі любімыя песні, удзельнічалі ў інтэлектуальным, спартыўным конкурсах.
  Журы, у склад якога ўваходзілі намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Л. П. Казлова, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама В. В. Ермалаева і рэдактар раённай газеты “Зара” Л. І. Паўлоўская, нялёгка было вызначыць пераможцаў. У выніку самай дружнай сям’ёй была названа сям’я Ганчаровых. Валерый Валянцінавіч, Таццяна Уладзіміраўна і Вераніка разам са стужкай з адпаведным надпісам атрымалі каштоўны падарунак, набыць які арганізатарам конкурсу дапамагло прыватнае прадпрыемства “Ланатэкс”. Самай інтэлектуальнай сям’ёй стала сям’я Дзячук-Машкоўскіх: Аляксандр Анатольевіч, Святлана Васільеўна і Багдан, самай спартыўнай — сям’я Краўцовых: Валерый Мікалаевіч, Вераніка Міхайлаўна і Мікіта. Усе яны таксама атрымалі каштоўныя падарункі.
  І ў удзельнікаў, і ў гледачоў  ад мерапрыемства  засталося шмат  станоўчых уражанняў. Яны шчыра дзякавалі І. В. Скрабло, а таксама педагогам Я. І. Шарамет, Л. М. Гроцкай, дырэктару “Ланатэкса” С. І. Балабаеву, які ўжо чацвёрты год падтрымлівае такія мерапрыемствы,  за  магчымасць сумесна адпачыць. Нягледзячы на відавочную стомленасць, ва ўсіх яшчэ хапала зараду бадзёрасці, каб радавацца, жартаваць. У дарослых – адказваць на шматлікія дзіцячыя пытанні, у малых – гуляць у даганялкі.
   Дадому разыходзіліся позна. І яшчэ колькі дзясяткаў хвілін наваколле другой школы райцэнтра абуджалі звонкія шчаслівыя галасы… 
  На здымку: удзельнікі конкурснай праграмы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *