Балюча бачыць, як старэе матуля

Семь «Я»

На жаль, чалавечы век не бясконцы. Хваробы адольваюць майго роднага чалавека ўсё часцей. Вось і нядаўна яна зноў трапіла ў бальніцу. Сэрца ўжо не тое: столькі перацярпела за нас пяцярых, пахавала сына, мужа…
  Спяшаюся ў бальніцу. Хоць, ведаю, ёй палепшыла, але так хочацца пабыць побач, патрымаць за руку, сказаць нешта ласкавае, супакоіць, як гэта заўсёды рабіла яна ў час майго бесклапотнага дзяцінства і робіць зараз, хоць мне ўжо за сорак.
  З парога бачу матчыну ўсмешку, родны голас супакойвае, просіць не хвалявацца, але сэрцам чую, нешта не так. Матуля расказвае пра хваробу, пра тое, як пра яе клапоцяцца медработнікі, як дапамагае ёй Святлана – дачка знаёмай з вёскі, дзе жыла раней наша сям’я. Знаёміць са сваёй новай сяброўкай, якая ляжыць на суседнім ложку.
  Аказваецца, цётка Ганна з нашага боку, таму ў жанчын ёсць шмат агульных тэм для размовы, за якімі і праходзяць  нудныя бальнічныя дні. Праўда, у нашу размову цётка Ганна не ўставіла ні слова. Пасядзеўшы колькі хвілін, ціхенька ўстала з ложка і пасунулася ў калідор.
  — Абследаванне праходзіць, — ціха прашаптала матуля. – Збіраецца ў Кашчына ў бальніцу сястрынскага догляду, бо сілы ўжо не мае тапіць хату, насіць ваду,  а ў яе ж два сыны жывыя-здаровыя, жывуць у Мінску…
   Усмешку на твары матулі як вадой змыла. І мне адразу стала зразумелай яе сённяшняя незвычайная ўзрушанасць, весялосць. Новае знаёмства дазволіла маёй матулі, якую штодзень праведваюць, якой тэлефануюць дзеці і ўнукі, у чарговы раз адчуць сваё мацярынскае шчасце і ў той жа час раздзяліць боль чалавека, якому здрадзілі самыя родныя людзі.
  Памятаецца,  калі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ў нашай акрузе з’явілася першая бальніца сястрынскага догляду і ў Чарэю на месца пастаяннага жыхарства перабраўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны дзядзька Броня, у якого былі жывыя і дачка, і сыны, вёска скалыхнулася. На жаль, сёння такія факты ўспрымаюцца грамадствам як нешта звычайнае. 
  Якія б не былі добрыя медустановы, людзі ў сваёй большасці едуць туды паміраць. І не заўсёды ад цяжкіх хвароб, часцей за ўсё — ад сваёй непатрэбнасці. Чалавеку, асабліва калі ён яшчэ на нагах і пры цвярозым розуме, важныя не столькі догляд, кругласутачнае назіранне, колькі дажыць свой век у акружэнні родных і блізкіх.
  А што на гэты конт думаюць нашы паважаныя чытачы?  Напішыце  ў рэдакцыю.



  У сям’і старога бацьку кармілі са старой драўлянай міскі, таму што ён праліваў ежу і разбіваў талеркі. Аднойчы маладыя ўбачылі, як іх маленькі сын габлюе дзеравяшкі. Яны спыталі: “Сынок, што ты майструеш?”  І ён адказаў: “Драўляную міску, каб вас у старасці з яе карміць”.
 (З народнай творчасці).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *