Бешенковичское АТП-21 предлагает акцию для ветеранов

Новости района

Вёска Шуты, што ў Астровенскім сельсавеце, цудоўнае па прыгажосці месца. Маленькая вёсачка, дзе з карэнных жыхароў нікога не засталося, выцягнулася ў адну вуліцу. Тут улетку шмат бэзу, чаромхі, ёсць вялізная ліпіна з дуплом, побач – прыгажуня-Заходняя Дзвіна.


Менавіта гэтыя мясціны сталі сапраўднай Мекай для віцебскіх мастакоў. З сярэдзіны 70-х гадоў тут пражывалі ці жывуць цяпер вядомыя творцы Віцебшчыны. Таму вёсачка пакрысе папаўнялася новымі дачамі і дачнымі ўчасткамі. Тут творчыя асобы працуюць, адпачываюць з ранняй вясны да глыбокай восені, а хто і круглы год, зрэдку наведваючыся ў «сталіцу» вобласці па сваіх творчых або гаспадарчых справах.


Мне пасчасціла быць знаёмым са скульптарам Аляксандрам Мікалаевічам Гвоздзікавым, быць у яго віцебскай творчай майстэрні. Ён добры, прыемны і цікавы субяседнік, чалавек шырокага кругагляду – шмат дзе пабываў, шмат чаго пабачыў. У размове не зацыкліваецца выключна на мастацтве, уласных творах, хоць яны дастаткова вядомыя шырокаму колу людзей не толькі ў Беларусі. З ім можна размаўляць на розныя тэмы, і гэта гутарка ніколі не надакучыць.


Аляксандр Мікалаевіч працуе ў манументальнай і станкавай пластыцы. Яму належыць больш за сорак увасобленых у метале і бетоне твораў: мемарыяльны ансамбль, прысвечаны дзецям М. Шмырова, помнікі Героям Савецкага Саюза А. Углоўскаму і М. Сільніцкаму, мастакам М. Шагалу і нашаму знакамітаму земляку І. Хруцкаму, святым Пятру і Феўроніі, генералам І. Чарняхоўскаму і І. Люднікаву; мемарыяльныя дошкі: пісьменніку Рыгору Шакулаву, народнаму артысту СССР Фёдару Шмакаву, бюст гэтаму вядомаму акцёру. У сааўтарстве з А. Тарасянам на чыгуначным вакзале Віцебска з’явілася скульптурная кампазіцыя «Сустрэча»… Скульптурныя выявы мастакоў і пісьменнікаў, военачальнікаў, блізкіх людзей майстра заслужана прынеслі яму славу бліскучага партрэтыста. Цяпер А. М. Гвоздзікаў узначальвае Віцебскую абласную арганізацыю мастакоў.


Мекай гэта вёсачка стала і для народнага мастака Расіі Генадзя Васільевіча Намяроўскага і яго сына Аляксандра Генадзьевіча Намяроўскага, а таксама Барыса Мікалаевіча Кузьмічова, Людмілы Уладзіміраўны Багданавай, Валерыя Шаронава і яшчэ дзясятка мастакоў.


У Шутах знаходзіў прыліў творчых сіл і энергіі заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Генадзь Фёдаравіч Шутаў. Яго творы знаходзяцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Метраполітэн-Музеі ў Нью-Йорку, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску, мастацкіх музеях Кіева, Ашгабата, Смаленска, Віцебска, Магілёва, Полацка.


Кожны з мастакоў, што пасяліўся тут, прысвяціў гэтаму непаўторнаму куточку нашага раёна свае творы: пейзажы, эцюды і замалёўкі з натуры, выбіраючы самыя маляўнічыя і патаемныя месцы.


Жыві, вёсачка, жыві! Дары творцам натхненне і надалей!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *