В Бешенковичском районе активно ведутся работы по реконструкции и модернизации объектов животноводства

Заботы сельские

Каб атрымаць важкую прыбаўку ў вытворчасці малочнай прадукцыі, сёння асаблівая ўвага надаецца мадэрнізацыі і рэканструкцыі аб’ектаў жывёлагадоўлі. У свеце рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны на 2011-2015 гады ў раёне ўзводзяцца сучасныя комплексы з прымяненнем навуковых распрацовак. Першай такой “ластаўкай” стала МТФ “Клешчыно” сельгаспрадпрыемства “Бачэйкава-Агра”. Сёлета ў строй дзеючых увядуць яшчэ адзін сучасны жывёлагадоўчы аб’ект.
  Магутнасць новага комплексу складзе 1225 галоў, з якіх 900 прыходзяцца на кароў і 325 – на цялушак. Новабудоўля ўзводзіцца ля вёскі Буднікі ПСУП “ААБ Наватар” і складаецца з некалькіх пазіцый.
  На пачатак бягучага года тут ужо была здадзена ў эксплуатацыю першая чарга малочнатаварнай фермы, гэта дзве з трох пазіцый для ўтрымання жывёлы і даільная зала. Жывёла ўжо абжывае ўтульныя памяшканні, а будаўніча-мантажныя работы на комплексе працягваюцца. Здаць аб’ект пад ключ запланавана да 1 верасня.
  Генпадрадчыкам тут выступае ДКУБП “Бешанковіцкая ПМК-41”. За парадкам на будаўнічай пляцоўцы сочыць майстар участка Міхаіл Уладзіміравіч Сувораў, які і правёў для нас экскурсію па аб’екце.
  — Зараз мы вядзём мантаж і ўстаноўку акон, зварку і навешванне варот у цялятніку і на 4-й пазіцыі, дзе размесціцца яшчэ адна група дойнага статка, — расказваў Міхаіл Уладзіміравіч. — Выканаць гэтыя работы ПМК-41 дапамагаюць спецыялісты “Бешанковіцкага будаўніка” і “Бешанковіцкага рамонтніка”. Вертыкальную планіроўку тэрыторыі наўкол узяло на сябе прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
  З пацяпленнем пачнём заліваць падлогу ў новых памяшканнях і тады ўжо зможам рапартаваць аб іх гатоўнасці. Паралельна вядзём абуладкаванне блока дапаможных памяшканняў, завяршаем работы па будаўніцтве гнаясховішчаў, шасці сянажных ям, павеці для сена. А на больш далёкую перспектыву застаецца ўзвядзенне прафілакторыя.
  Новы комплекс у Будніках спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу называюць біязаводам. На яго будаўніцтва асігнавана больш за 52 мільярды рублёў. Наступным аб’ектам, які будзе ўзводзіцца ў раёне з прымяненнем новых навуковых распрацовак у жывёлагадоўлі, стане комплекс у ПУП “АграВітВін”. Ужо вызначаецца пляцоўка пад новабудоўлю.
   На здымку: ідзе работа ў цялятніку на комплексе “Буднікі”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *