День Независимости Беларуси: блиц-опрос

Общество

68 гадоў таму назад беларуская зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а 21  год таму назад Беларусь набыла суверэнітэт. Дзве даты зліліся ў адну – Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які мы адзначаем 3 ліпеня.”З чым асэнсоўвае гэтую дату новае пакаленне беларусаў?” – з такім пытаннем мы звярнуліся да жыхароў раёна. 


Генадзь Аўчыннікаў, галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы райвыканкама:
 — Дзень Незалежнасці – вялікае свята. У нашай сям’і яго адзначаюць штогод: традыцыйна прымаем удзел у мітынгу і ўрачыстых мерапрыемствах у райцэнтры, аддаём даніну павагі вызваліцелям Радзімы. Мой дзед Аляксандр Ісакавіч таксама ваяваў і ўнёс свой уклад у набліжэнне Вялікай Перамогі. Тое, што зрабілі нашы продкі дзеля шчаслівага і мірнага жыцця, сёння можна назваць подзвігам чалавечага духу. І мы, удзячныя нашчадкі, павінны захоўваць памяць пра герояў і рабіць усё, каб незалежная Беларусь і надалей была нашым надзейным домам.


 


 


 


 



  Наталля Гаўрыловіч, прадавец магазіна “Журавінка”:
   — Незалежнасць. Суверэнітэт. Свабода. Здаецца, у гэтых словах увесь сэнс свята, якое мы адзначаем 3 ліпеня. Сёння Беларусь – суверэнная еўрапейская дзяржава. За 68 гадоў мірнай і стваральнай працы мы дасягнулі  ўстойлівага развіцця эканомікі, адкрываюцца новыя прадпрыемствы, у нас стабільная грамадска-палітычная сітуацыя, шмат робіцца для паляпшэння інфраструктуры, па добраўпарадкаванні і акультурванні Бешанковічаў, якія прыгажэюць з году ў год. Нашы продкі кроўю здабывалі свабоду і далі нам наказ – любіць і шанаваць сваю Радзіму, абараняць яе незалежнасць – і мы павінны свята яго выконваць.


 


 



 


Таццяна Жукоўская, выконваючая абавязкі першага сакратара райкама ГА “БРСМ”:
  — Гэтай чырвонай датай календара шмат сказана, бо Дзень незалежнасці – адметны для кожнага беларуса. Напэўна, у нашай краіне няма такой сям’і, дзе б не захоўвалі памяць пра свайго героя. Мужнасцю і гераізмам у гады Вялікай Айчыннай вайны вызначыліся нашы землякі, а таксама моладзь, якая стала на шлях барацьбы з ворагам.
   Мы памятаем пра подзвігі разведчыцы партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь” Зінаіды Цімафееўны Сухушынай, для якой сувязь з партызанамі каштавала жыццяў маці, братоў і сястры, Фрузы Берасцень, што ў баю з ворагам падарвала сябе апошняй гранатай, а таксама разведчыка Мішы Хадыкі. Ганарымся выхаванцам Пяцігарскай СШ Іванам Чуклаем, які ўступіў у партызанскі атрад Васіля Каржа, гераічна загінуў і ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Імя камсамольца занесена ў Кнігу гонару ЦК ЛКСМБ, прысвоена піянерскім атрадам і дружынам. Імя Івана Чуклая носіць і адна з вуліц райцэнтра.
   3 ліпеня – гэта дзень, калі мы можам яшчэ раз  нізка схіліцца перад ветэранамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, падзякаваць жывым і загінуўшым за наша светлае сёння.



  Тамара Семянюга, выпускніца Ульскага прафесійнага ліцэя:
   — Перш за ўсё, гэта знамянальная дата, якая сімвалізуе свабоду і незалежнасць. Хачу адзначыць, што наша група ўвесь час вучобы ў ліцэі шэфствавала над мемарыялам на Узрэччы. Асабіста я заўжды цікавілася гісторыяй, наведвала гурток “Краязнаўства”, шмат чытала пра Вялікую Айчынную вайну, ведаю яе герояў.
   Узяць, да прыкладу, нашага земляка генерал-маёра Льва Міхайлавіча Даватара, чыё імя носіць Ульскі прафесійны ліцэй. Пасля знаёмства з лёсам Героя Савецкага Саюза Даватара свае ўражанні пра чалавека-легенду я апісала ў артыкуле, які быў надрукаваны ў часопісе “Свет вакол нас”. Лічу, мы можам ганарыцца такім земляком, як і шматлікімі іншымі героямі Вялікай Айчыннай вайны, і браць з іх прыклад мужнасці, гераізму, адданага служэння сваёй Айчыне.
   Ад нас, нашчадкаў Вялікай Перамогі, залежыць будучае нашай сінявокай Беларусі. І цяпер ужо наш час умацоўваць суверэнітэт і незалежнасць краіны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *