Первый номер районной газеты Сталинец вышел в свет 12 августа 1932 года

К 85-летию "Зары"

Першы нумар раённай газеты «Сталінец» выйшаў у свет 12 жніўня 1932 года.


Гэта была вялікая падзея ў грамадскім і культурным жыцці бешанковіцкага краю. Нягледзячы на складанасці арганізацыйнага перыяду, недахоп кваліфікаваных кадраў, газета стала хутка набываць мэтанакіраваны характар, дапамагаць райкаму КП(б)Б і райвыканкаму хутчэй ажыццяўляць у вёсцы сацыялістычныя пераўтварэнні, разгортваць сацыялістычнае спаборніцтва сярод рабочых і сялян.  Штат работнікаў рэдакцыі не раз змяняўся, папаўняўся з ліку партыйных і камсамольскіх актывістаў, рабочых і сельскіх карэспандэнтаў. Адметны, напрыклад, лёс Домны Аляксандраўны Бірук. Дачка батрака спачатку ўступіла ў камсамол, потым у рады партыі. Была актыўным селькорам, добра праявіла сябе на грамадскай рабоце. 3 пачаткам выдання раённай газеты яна была  вылучана на пасаду загадчыка масавага аддзела рэдакцыі. Праз два гады Бірук прызначылі намеснікам сакратара райкама камсамола. Адначасова Домна Аляксандраўна рэдагавала камсамольскую старонку ў газеце «Сталінец».
  У гады Вялікай Айчыннай вайны жанчына мужна змагалася за свабоду і незалежнасць рэспублікі. Пасля вызвалення Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Домна Аляксандраўна Бірук узначальвала шэраг буйных прадпрыемстваў вобласці, а потым працяглы час была сакратаром райкама партыі ў г. п. Шуміліна.
  У пачатку 1934 года Я. Шылянкова адазвалі ў распараджэнне ЦК КП(б)Б, а ў чэрвені абавязкі адказнага рэдактара былі ўскладзены на С. А. Яловіка. Пазней ён быў зацверджаны на пасадзе пленумам райкама партыі, стаў членам РК КП(б)Б. Намеснікам рэдактара працаваў Андрэй Іванавіч Крыжэвіч. У красавіку наступнага года Крыжэвіча перавялі ў апарат райкама партыі на пасаду загадчыка сельгасаддзела, а на яго месца ў рэдакцыю прыслалі Фёдара Нічыпаравіча Шаірку. Праз некаторы час А. І. Крыжэвіча выбралі першым намеснікам сакратара райкама КП(б)Б, а ў далейшым ён працаваў старшынёй райвыканкама.
  Прыгожы жыццёвы шлях прайшоў Фёдар Нічыпаравіч Шаірка. У 30-я гады рабочы іголачнага завода г. Віцебска (цяпер адкрытае акцыянернае таварыства «Віцебскі прыборабудаўнічы завод») стаў актыўным рабкорам. На сваім прадпрыемстве быў рэ-дактарам насценнай газеты, а ў цахах арганізаваў выпуск маланак, баявых лісткоў. Яму ўдалося выхаваць на прадпрыемстве шэраг здольных грамадскіх карэспандэнтаў, якія прымалі самы непасрэдны ўдзел у мясцовым друку. Фёдар Нічыпаравіч быў актыўным супрацоўнікам гарадской газеты «Віцебскі пралетарый». У сваіх карэспандэнцыях ён расказваў аб жыцці прадпрыемства, выступаў з вострымі крытычнымі публікацыямі, арганізоўваў рабкораўскія рэйды. Як актыўнага рабкора, партыйная арганізацыя завода накіравала Фёдара Нічыпаравіча Шаірку на вучобу ў Мінск, у Камуністычны інстытут журналістыкі. Пасля яго заканчэння ў 1936 годзе ён прыехаў на работу ў Бешанковічы намеснікам рэдактара газеты «Сталінец».
  У ліпені 1937 года Шаірка быў зацверджаны рэдактарам газеты «Сталінец», якая праводзіла ў той час вялікую работу па арганізацыйна-гаспадарчым умацаванні калгасаў, павышэнні баявітасці партыйных і камсамольскіх арганізацый, патрыятычным выхаванні мас. Ва ўсіх гаспадарках ствараліся селькораўскія пасты. На адстаючыя ўчасткі вытворчасці рэгулярна прыязджалі карэспандэнты раённай газеты, што значна ўмацоўвала сувязь з масамі. Рэдакцыя газеты сістэматычна склікала з’езды і злёты рабселькораў раёна.
  У 1939 годзе Ф. Н. Шаірку перавялі ў Гарадок, дзе ён таксама ўзначаліў раённую газету і шмат чаго зрабіў, каб яна стала больш баявітай і мэтанакіраванай.
  Да 1939 года раённая газета  выходзіла 9 разоў у месяц. У кастрычніку таго ж года бюро райкама КП(б)Б зацвердзіла новую перыядычнасць раёнкі — 12 разоў у месяц, трохразовы выхад на тыдні. Тады ж было прынята і рашэнне аб умацаванні паліграфічнай базы газеты, перададзены адзін з будынкаў, пасля рэканструкцыі якога тут была размешчана друкарня.
  Пасля пераводу Ф. Н. Шаіркі ў Гарадок раённую газету ў Бешанковічах рэдагаваў М. Р. Сямёнаў, а з ліпеня 1940 года — А. В. Глікман.
  На працягу амаль дзясяці даваенных гадоў бешанковіцкая раённая газета была баявым памочнікам райкама партыі і райвыканкама. У друкарні вучыліся кадры паліграфістаў. 3 маладых гадоў і да выхаду на пенсію — амаль па трыццаць гадоў —набіралі і вярсталі раёнку Лізавета Фёдараўна Калмык і Ефрасіння Іванаўна Бабаед…
Анатоль КРАЧКОЎСКІ.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *