Сталинец — оружие народных мстителей

К 85-летию "Зары"

Газеты і лістоўкі, якія выходзілі ў тыле ворага, былі вострай зброяй народных мсціўцаў. Яны неслі людзям праўду, выкрывалі хлусню і правакацыі ворага, клікалі і натхнялі партызан, падпольшчыкаў, увесь народ на вызваленчую барацьбу.
  15 красавіка 1942 года ЦК КП(б)Б прыняў пастанову аб аднаўленні віцебскай абласной газеты «Віцебскі рабочы». Яе фармат быў напалавіну меншы, чым наша сённяшняя раённая газета «Зара», тыраж складаў 10 тысяч экзэмпляраў, перыядычнасць — 3 нумары ў тыдзень. Праз сувязных газета і лістоўкі дастаўляліся ва ўсе раёны Віцебшчыны. Вострай зброяй у руках падпольнага райкама партыі і пярвічных партарганізацый былі таксама раённыя газеты і лістоўкі, якія выдаваліся ў партызанскіх брыгадах і атрадах. Спачатку іх пісалі ад рукі. А ў 1943 годзе многія райкамы ўжо мелі друкарні. Свая друкарня была і ў Лепельскага райкама партыі, што знаходзіўся пры партызанскай брыгадзе У. Е. Лабанка. Менавіта ў ёй друкаваліся лепельская, ушацкая і бешанковіцкая раённыя газеты.  Бешанковіцкі райкам партыі аднавіў сваю дзейнасць на акупіраванай немцамі тэрыторыі 8 кастрычніка 1942 года, яго  першым сакратаром быў П. М. Раманаў. У састаў падпольнага бюро райкама ўваходзілі П. М. Раманаў, Д. П. Падалец і К. К. Шастакова. Пазней, у жніўні 1943 года, у састаў бюро РК КП(б)Б была ўведзена інструктар райкама КП(б)Б Г. П. Шалахава, а потым Арлова.
  У рашэнні пасяджэння бюро райкама, якое адбылося 25 мая 1943 года, было запісана: «Улічваючы ролю газеты як калектыўнага арганізатара, лічыць неабходным аднавіць выхад раённай газеты. На чарговым пасяджэнні бюро РК КП(б)Б зацвердзіць рэдкалегію».
  Праз некаторы час рэдкалегія была ўтворана. РК КП(б)Б зацвердзіў рэдактарам прапагандыста Аніссю Фамінічну Мацулевіч. Выпуск газеты трэба было наладжваць у цяжкіх умовах акупацыі, падабраць людзей, якія маглі б яе рабіць. Энергічная А. Ф. Мацулевіч разгарнула актыўную дзейнасць. І ўжо летам жыхары нашага краю, у партызанскай зоне і ў варожых гарнізонах чыталі першы нумар выдадзенага ў падполлі «Сталінца».
  Вось што пісаў П. М. Раманаў у палітданясенні за снежань 1943 года Віцебскаму падпольнаму абкаму КП(б)Б: «Раённая газета «Сталінец» выходзіць адзін раз у месяц, 15 чысла. У гэтым месяцы выпушчана 265 экзэмпляраў, якія распаўсюджаны сярод насельніцтва Бешанковіцкага раёна, дастаўлены ў гарнізоны праціўніка. Да 25-годдзя БССР Бешанковіцкім РК КП(б)Б выпушчаны першы нумар ілюстраванага часопіса райкама партыі і штаба партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь». Выпуск другога нумара часопіса прыўрочваем да ленінскіх дзён».
  Ва ўсіх нумарах часопіса «За Савецкую Беларусь» шырока апісвалася баявое жыццё атрадаў, расказвалася аб патрыятызме нашых людзей. У артыкулах, вершах і карыкатурах часопіс з глыбокай іроніяй крытыкаваў акупантаў, фашысцкіх прыхвасняў: паліцаяў, старастаў, бургамістраў.
 Другі нумар ілюстраванага рукапіснага часопіса «За Савецкую Беларусь» быў выпушчаны на 18 лістах. На ім дата — 21 студзеня 1944 года. Ён таксама насіў тэматычны характар: «20 гадоў без Леніна — па ленінскаму шляху». Трэці нумар часопіса выйшаў 22 лютага 1944 года.
  Пад кіраўніцтвам падпольнага райкама партыі рэдкалегія «Сталінца» арганізавала ў партызанскай зоне выпуск насценгазет і баявых лісткоў. У студзені 1944 года ў васьмі атрадах брыгады было выпушчана 12 нумароў насценгазет і 49 баявых лісткоў.
  «Сталінец» выдаваўся ў падполлі да красавіка 1944 года. Вакол газеты і рукапіснага часопіса быў згуртаваны дружны калектыў карэспандэнтаў, пачынаючых літаратараў, мастакоў-аматараў, якія актыўна рыхтавалі ў друк заметкі, гумарэскі, апавяданні. Не было недахопу і ў вершах. Іх пісалі В. Глебаў, А. Ярыга, Корсак-Пятніцкі. Творы краналі сэрца няхітрай, але прывабнай лірыкай, пафасам вайны, клікалі на помсту ворагу.
  У час блакады фашыстамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны амаль месяц ішлі цяжкія баі. У час прарыву з акружэння ў маі 1944 года на шашы Лепель-Докшыцы загінулі смерцю героя камісар брыгады М. Я. Жыжоў, начальнік штаба брыгады М. А. Звераў, камандзір брыгады П. М. Раманаў, камандзіры атрадаў Кагукін, Пацехін, Галубоўскі, камісары атрадаў Палавінка, Арлоў і шмат іншых камандзіраў, палітработнікаў і радавых байцоў. Але падпольная газета «Сталінец» сваю ролю выканала.
Анатоль КРАЧКОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *