Августовская конференция дала старт новому учебному году

Актуально

Жнівень на завяршэнні. Лета праляцела неўпрыкмет. Ужо заўтра ў школах раёна празвіняць першыя званкі, якія паклічуць дзяцей за парты. Школы гатовы да прыёму сваіх выхаванцаў, з нецярпеннем чакаюць сустрэч з дзятвой і настаўнікі. У аўторак яны сабраліся на традыцыйную жнівеньскую нараду педагогаў раёна, якая прайшла ў раённым Доме культуры, каб падвесці вынікі мінулага года, акрэсліць задачы на новы. Удзел у рабоце форума прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Міхайлавіч Шведаў, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Заблоцкі і галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама Васіль Пятровіч Савіцкі.


Сёлетняя нарада педагагічных работнікаў была на дзіва цёплай, бо ў зале сабраліся аднадумцы, людзі, якія ў розны час сталі на школьную дарожку, каб звязаць сваё жыццё з выхаваннем дзяцей. На жаль, прайсці яе да канца падаецца не ўсім.  Галіна Леанідаўна Клакоўская, Сяргей Антонавіч Цапота, Вольга Мікалаеўна Ставер пайшлі з жыцця заўчасна, але памяць пра іх жыве. Яе прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.
   Прафесіяналізм і якасць работы педагагічных калектываў устаноў адукацыі раёна — важнейшы складаемы іміджу сістэмы адукацыі, выхавання дзяцей.  Гэта тэма праходзіла чырвонай ніткай праз усё мерапрыемства. І калі віталі маладых педагогаў,  і калі слухалі выступленне начальніка аддзела адукацыі райвыканкама І. А. Жарабцова, калег са школ раёна.
   Адукацыя – гэта тое, што застаецца з чалавекам, калі ўсё вывучанае забыта. Выхаваць сапраўднага грамадзяніна краіны – бадай, найгалоўнейшая задача для настаўніка. Таму педагогі дзяліліся сваімі дасягненнямі і набыткамі ў сферы адукацыі і выхавання, абмяркоўвалі праблемы, шляхі іх вырашэння  і планы на новы навучальны год. Тут жа трансліраваліся відэаролікі аб рабоце ўстаноў адукацыі раёна.
Педагогам Прыдзвіння ёсць што запісаць у свой актыў. Па інфармацыі І. А. Жарабцова, у сістэме адукацыі выкананы ўсе сацыяльныя стандарты. За вопытам да нашых педагогаў едуць з усёй рэспублікі, сведчанне таму — рэспубліканскі семінар спецыялістаў дашкольнага выхавання ўпраўленняў адукацыі з усіх абласцей Беларусі, які прайшоў на базе раёна. Нашы вучні на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах паказваюць добрыя вынікі. Са 114 выпускнікоў сёлетняга года 53% юнакоў і дзяўчат паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
   У наступным годзе адзінаццацікласнікі будуць здаваць экзамен і па замежнай мове. Таму якасці выкладання прадмета будзе надавацца яшчэ большая ўвага, як і рабоце з адоранымі, таленавітымі дзецьмі, пра якіх не раз пісала і наша газета.  
   Падрабязна Іван Аляксандравіч спыніўся на праблемах дашкольнай, сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, выхаваўчай работы, работы з кадрамі, праблеме ўмацавання матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Адзначыў, што здаровыя і адукаваныя дзеці — гэта будучыня краіны. Таму трэба ўзмацніць кантроль за іх харчаваннем, развіццём у школе і ў пазашкольны час.
  — Кожнае дзіця павінна быць апранутым, абутым і накормленым, — падкрэсліў  І. А. Жарабцоў. — Неабходна аказваць пастаянную дапамогу дзецям з нядобранадзейных сем’яў, трымаць іх на асобым кантролі. А таксама больш увагі ўдзяляць прафарыентацыі, патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, стварэнню ў сістэме адукацыі раёна здароўезберагаючага асяроддзя, фарміраванню ў школьнікаў навыкаў здаровага ладу жыцця, стварэнню ўмоў для заняткаў фізкультурай і спортам.
  Начальнік аддзела адукацыі шчыра падзякаваў педагогаў прыдзвінскага краю за іх вялікі ўклад ва ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, а яшчэ за нераўнадушную пазіцыю ў барацьбе з асацыяльнымі праяўленнямі — п’янствам, сацыяльным сіроцтвам, за работу, якую яны праводзяць па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, захаванні дзіцячых жыццяў. Гэту тэму пазней у сваіх выступленнях прадоўжылі намеснік пракурора раёна Чэслаў Іванавіч Максімовіч і начальнік аддзялення дзяржаўтаінспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксей Васільевіч Івашнёў.
Якасная адукацыя — гэта мэта, якая аб’ядноўвае ўсіх: вучняў, бацькоў, органы ўпраўлення адукацыяй і педагагічныя калектывы. Шляхоў яе дасягнення шмат. І кожны кіраўнік, калектыў выбіраюць свой, найбольш эфектыўны з іх пункту гледжання. Для бешанковіцкіх педагогаў прыярытэтны накірунак — развіццё прафесіяналізму кадраў — важнейшага складаемага якаснай адукацыі, яе станоўчага іміджу.
  Сёлета за школьныя парты сядуць 144 першакласнікі, на 2 больш, чым у мінулым годзе. Установы дашкольнай адукацыі папоўніліся двума дзясяткамі малых. У гарадскіх садках сталі адчуваць недахоп месцаў для дзятвы. Пытанне гэта зараз вырашаецца, а педагогі парадаваліся такой навіне, як і паведамленню Івана Аляксандравіча аб тым, што ў школы магчыма вернецца шосты вучэбны дзень. Ва ўсякім разе з такой прапановай выступаюць педагогі Віцебшчыны.
Дзіцячая любоў – галоўны капітал любога настаўніка. Заваяваць яе няпроста, хаця такім сакрэтам валодае большасць педагогаў. Для моладзі своеасаблівымі ўрокамі прафесійнага майстэрства былі выступленні намесніка дырэктара Свячанскай садка-школы Ніны Мікалаеўны Ружынскай, дырэктара Бачэйкаўскай сярэдняй школы Вольгі Аляксандраўны Цярэшчанкі, дырэктара раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Святланы Уладзіміраўны Гайко, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Вярхоўскай сярэдняй школы Вольгі Анатольеўны Яскевіч, намесніка загадчыка дзіцячага садка №6 г. п. Бешанковічы Алены Фёдараўны Берасцень, якія падзяліліся сваімі думкамі аб рэалізацыі галоўных педагагічных задач на практыцы.
    Сістэма адукацыі раёна развіваецца год ад году. У школы прыходзіць хуткасны інтэрнэт, развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. У лепшы бок змяніўся і воблік школ, дашкольных і пазашкольных устаноў. Як прагучала на пасяджэнні, кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі аблвыканкама яшчэ да прыёмкі школ дало высокую адзнаку іх якаснай падрыхтоўцы да новага навучальнага года. А на жнівеньскай нарадзе лепшыя калектывы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Гэта Бачэйкаўская сярэдняя школа, якая ўваходзіць у тройку лідараў ужо трэці год запар, за што ўзнагароджана ноўтбукам. Музычны цэнтр стаў падарункам для Свячанскай, газонакасілка — для Вярхоўскай школ. Ноўтбук за добрую працу атрымаў і калектыў раённага цэнтра дзяцей і моладзі. З дзіцячых дашкольных устаноў у ліку пераможцаў значацца дзіцячыя садкі нумар 6, 5 і 1 райцэнтра. Атрыманыя ў падарунак газонакасілкі дазволяць ім утрымліваць сваю тэрыторыю ва ўзорным стане пастаянна. Падзякамі адзначана праца калектываў Бачэйкаўскага дзіцячага садка, Рубежскай і Астровенскай садкоў-школ, СШ №1 г. п. Бешанковічы.
Без віншаванняў у гэты дзень не абыходзілася ніводнае выступленне. Ад імя раённага выканаўчага камітэта з прывітальным словам да педагогаў раёна звярнуўся М. А. Заблоцкі, які павіншаваў педагогаў з новым навучальным годам, пажадаў ім плёну і поспехаў у нялёгкай працы і ўручыў падзякі старшыні райвыканкама дырэктару Ржаўскай садка-школы Пятру Мяфодзьевічу Пясецкаму і дырэктару Бешанковіцкай гімназіі Алене Цімафееўне Карбоўскай. Вялікая група лепшых педагогаў раёна атрымала Ганаровыя граматы і падзякі аддзела адукацыі райвыканкама. Гэта быў самы ўрачысты момант канферэнцыі, багаты на кветкі, усмешкі і апладысменты.
  За дасягненне высокіх вынікаў у навучанні і выхаванні дзяцей і навучэнцкай моладзі, добрасумленную працу ў галіне адукацыі Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі райвыканкама ўзнагароджаны: настаўніца інфарматыкі гімназіі Даўгяла Вольга Міхайлаўна, настаўнік працоўнага навучання СШ №1 г. п. Бешанковічы Домкін Мікалай Васільевіч, настаўнік працоўнага навучання СШ №2 г. п. Бешанковічы Пятроўскі Аляксандр Альфрэдавіч, сацыяльны педагог Бачэйкаўскай СШ Алейнік Алена Мікалаеўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вярхоўскай СШ Яскевіч Вольга Анатольеўна, дырэктар Астровенскай сярэдняй школы Антонаў Іосіф Пятровіч, настаўніца фізічнай культуры Пяцігарскай СШ Андрыец Жанна Яўгенаўна, настаўніца фізічнай культуры Пліскай дзіцячы сад-базавай школы Дзегцярова Вера Васільеўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Паўазерскай дзіцячы сад-базавай школы Зямко Дзіяна Мікалаеўна, выхавацелі: са Ржаўкі Рыбакова Надзея Іванаўна, з Рубяжа – Бараноўская Наталля Віктараўна, са Свячы – Піўчэўская Ларыса Аляксандраўна, з дзіцячых ясляў г. п. Бешанковічы – Аўчыннікава Жанна Анатольеўна, з ясляў-сада №5 райцэнтра – Казлова Вольга Васільеўна, з Бачэйкава – Корбут Валянціна Мікалаеўна, з Улы – Грачова Таццяна Міхайлаўна, з Вярхоўя – Курмель Галіна Мікалаеўна, з Драздоў – Раманава Любоў Мікалаеўна, з раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра – Белавус Ала Віктараўна.
У спісе ўзнагароджаных значацца намеснік
 дырэктара школы з Сініц Сімановіч Даната Францаўна, настаўніца гісторыі з Каранеўскай школы Ціханава Святлана Уладзіміраўна, настаўніца пачатковых класаў з Улы Кудрэц Кацярына Мікалаеўна, настаўніца Асінаўскай пачатковай школы Матвеенка Наталля Уладзіміраўна, загадчыца ясляў-сада №1 райцэнтра Аксёнава Ала Іванаўна, музычны кіраўнік ясляў-сада №6 Бурнэйка Рыма Уладзіміраўна, дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Гайко Святлана Уладзіміраўна, дырэктар аздараўленчага лагера «Арляня» Міхайлоўская Наталля Паўлаўна і сацыяльны педагог цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Кабанава Таццяна Аляксандраўна.
    Упрыгожаннем мерапрыемства сталі  канцэртныя нумары, якія на працягу ўсёй нарады  настаўнікам дарылі як іх калегі, так і выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
  Разыходзіліся ўсе з добрым настроем, новымі планамі і спадзяваннямі на новы навучальны год.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.
  На здымках: вопытам дзеліцца дырэктар Бачэйкаўскай сярэдняй школы В. А. Цярэшчанка; намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта М. А. Заблоцкі і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. А. Жарабцоў уручаюць Ганаровыя граматы лепшым педагогам Прыдзвіння; маладых педагогаў вітае намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама С. Л. Салоха; ідзе жнівеньская нарада; упрыгожаннем мерапрыемства сталі  канцэртныя нумары.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *