На стоянке Асовец-2 найдены очередные археологические находки

Письмо в газету

  З 4 па 24 ліпеня каля вёскі Асавец праводзіліся  археалагічныя раскопкі. У іх удзельнічалі першакурснікі гістарычнага факультэта  БДУ, якія праходзілі археалагічную практыку, і валанцёры, у ліку якіх быў і аўтар гэтага артыкула. Кіравалі раскопкамі вядомыя беларускія археолагі Міхась і Максім Чарняўскія.


  Максім Міхайлавіч прадоўжыў капаць раскоп, закладзены ў 2009 годзе на археалагічнай стаянцы Асавец-2 плошчай 12 квадратных метраў, і, нарэшце, закончыў яго, дайшоўшы да мацерыка (месца, дзе знікаюць сляды чалавечай дзейнасці). За 4 гады даследаваны 12 умоўных слаёў таўшчынёй 10 см. Апошнія слаі адносяцца да Усвяцкай культуры, для якой характэрна кераміка з гладкай паверхняй. Арнаментам пакрываліся венчыкі, плечыкі, а часам і донца гаршкоў. У параўнанні з пластамі, у якіх былі выяўлены матэрыялы Паўночна-Беларускай культуры (даследаваліся ў мінулыя гады),  знаходак значна меней. Былі знойдзены: сякера са шчапанага рога; дзве праколкі з фібульных костак; 2 гліняных грузілы ад сетак; падвеска з ікла лісіцы; некалькі фрагментаў крамянёвых вырабаў (скрабкоў, наканечнікаў дзідаў і стрэл). 
   Трэба адзначыць знаходку трох вялікіх развалаў керамікі, якія дазваляюць рэканструяваць форму і памеры гліняных пасудзін. Раскопкі праходзілі ў цяжкіх умовах. Кожную раніцу перад пачаткам працы ўсім членам экспедыцыі прыходзілася вычэрпваць са дна раскопа вялікую колькасць вады (рэкорд — 162 вядры).
  Міхась Міхайлавіч збіраўся даследаваць археалагічны помнік – стаянку Асавец-5. Але аказалася, што  у выніку шматгадовага разворвання помнік фактычна знішчаны, таму ён прадоўжыў мінулагодняе вывучэнне паўночных межаў стаянкі Асавец-2. Быў закладзены шурф у 2 квадратныя метры. Даследаваны 5 умоўных пластоў, дзе захаваліся чыстыя комплексы Усвяцкай культуры. Сярод знаходак вылучаюцца: касцяная страла –  унікальная па форме і дасканаласці апрацоўкі; касцяны арнаменцір; фрагмент керамікі з выявай качкі, рагавы клявец, прымацаваны да палкі, ён быў па тых часах страшнай зброяй, створанай супраць чалавека. Былі знойдзены таксама крамянёвыя наканечнікі стрэл, падвескі з зубоў і  іншае.
  У гэтым годзе сярод першакурснікаў, якія працавалі на раскопках, была і наша зямлячка – Ангеліна Акуневіч. Яна абяцала падумаць, ці не прыехаць ёй у Асавец і ў наступным годзе ўжо ў якасці валанцёркі…
  Станіслаў Леаненка.


На здымках: раскоп, пачатак працы на стаянцы Асавец-2; чарговая знаходка — рагавы клявец; удзельнікі экспедыцыі;  вычэрпванне вады з раскопа; Міхась Міхайлавіч Чарняўскі за працай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *