Через Бешенковичский район прошла научно-просветительская экспедиция Дарога да святыняў

2017 год - Год науки

19-ю Міжнародную навукова-асветніцкую экспедыцыю «Дарога да святыняў» з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй, прымеркаваную да Дня беларускага пісьменства, 29 жніўня – 2 верасня сустракалі на Віцебшчыне. Яе маршрут праходзіў праз Талачын, Багушэўск, Лёзна, Езярышча, Улу, Асвею і Празарокі Глыбоцкага раёна. Завяршылася экспедыцыя ў сталіцы сёлетняга свята – Глыбокім. Арганізатарамі былі 
  Міністэрства інфармацыі сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой, упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры ўдзеле міністэрстваў культуры, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, спорту і турызму. Узначальвала ўжо ў каторы раз экспедыцыю яе ініцыятар – заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» пісьменніца Ніна Загорская.
  Прадстаўнікі духавенства, навукі, культуры і творчай інтэлігенцыі ў мінулую пятніцу завіталі ў Улу, каб падзяліцца ў час паломніцтва і сумеснай малітвы ў храмах з людзьмі святлом духоўнасці, асветы і дабра. Жыхары пасёлка, прадстаўнікі ўлады, духавенства сустракалі гасцей хлебам-соллю на святым месцы – ля брацкай магілы, дзе пахаваны 58 воінаў, у тым ліку тры Героі Савецкага Саюза, якія загінулі ў ліпені 1944 года пры вызваленні Улы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У памяць аб воінах-вызваліцелях быў адслужаны малебен, пасля чаго з абразамі і харугвамі Хрэсным ходам працэсія рушыла па ўсыпанай кветкамі вуліцы да царквы.
   Ля сцен храма Святой Жываначальнай Троіцы прайшоў імправізаваны мітынг. Удзельнікаў экспедыцыі прывіталі намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі, старшыня Ульскага сельскага Савета Г. І. Анашка. Пра гісторыю і знакамітых людзей ульскага краю расказаў дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея А. В. Крачкоўскі. У гэты дзень госці наведалі і Ульскі ліцэй, яго музей.
  Айцец Сергій Гардун у сваёй прамове дакладна і ёмка сфармуляваў сутнасць экспедыцыі: “Гэта вельмі глыбокае спалучэнне Лампады з Благадатным Агнём і святам беларускага пісьменства. Агонь – гэта цуд Божы. Ён сведчыць пра акт уваскрасення Хрыстовага, пра перамогу Бога над смерцю. І разам з тым ён нясе святло. І пісьменства таксама нясе святло. Наша беларускае пісьменства нарадзілася менавіта тады, калі мы сталі хрысціянамі. У гэтым рэчышчы яно развівалася на працягу стагоддзяў. Таму свята пісьменства – свята і для Праваслаўнай Царквы, Свята нашых вытокаў”. 
  На сустрэчу разам з бацькамі прыйшло шмат дзяцей. Н. С. Загорская шчыра павіншавала ўсіх і з Днём ведаў, пажадала несці святло ведаў праз усё сваё жыццё, расказала пра святыні, пра навукова-духоўна-асветніцкую работу экспедыцыі не толькі на дзевятнаццатым маршруце, але і на ўсіх яе мінулагодніх шляхах. Вернікі мелі магчымасць прыкласціся і да  Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
   Пасля цёплай сустрэчы, у час якой удзельнікам экспедыцыі была перададзена асвечаная ўльская зямля для пасадкі Сада Малітвы, у храме быў адслужаны малебен.  Прыхаджане мелі магчымасць запаліць свечкі ад Благадатнага Агню ад Гроба Гасподняга. Якой светлай радасцю свяціліся іх вочы! Яшчэ б: святыня да іх завітала! Людзі, якія прынялі на свае свечкі і лампадкі іскрынку Божага Святла, адчувалі дачыненне да штогадовага цуда і захавалі яго ў сваіх душах, каб перадаць дамачадцам і сябрам. 
    На здымках: гасцей у Уле сустракалі хлебам-соллю; Хрэсны ход па ўсыпанай кветкамі вуліцы да царквы; у памяць аб воінах-вызваліцелях на брацкай магіле быў адслужаны малебен; кіраўнік экспедыцыі Н. С. Загорская прымае асвечаную ўльскую зямлю для пасадкі Сада Малітвы з рук старшыні Ульскага сельвыканкама Г. І. Анашкі; удзельнікаў экспедыцыі вітае намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі; сустракаць святыні разам з бацькамі прыйшло шмат дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *