День белоруской письменности в Глубоком

2017 год - Год науки

 У нядзелю з раніцы ішоў дождж. Зацягнутае хмарамі неба не надавала настрою. Але пры пад’ездзе да Глыбокага, дзе 2 верасня святкавалі Дзень беларускага пісьменства, наваколле азарыла сонейка. Бы сама прырода вітала ўсіх тых, хто нераўнадушна ставіцца да роднага слова, культуры, духоўных здабыткаў беларускага народа.
  Горад сустрэў гасцей абноўленым, памаладзелым. Бягучыя і капітальныя рамонты тут праведзены амаль на ста аб’ектах. Вопыт падрыхтоўкі да такіх мерапрыемстваў у вобласці ўжо ёсць. Глыбокае – пяты горад Віцебшчыны, што прымаў свята пісьменства, якое праводзіцца ў Беларусі  ўжо ў дзевятнаццаты раз.
  Самымі раннімі гасцямі Глыбокага сталі ўдзельнікі навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”. Аднак сустрэць іх выйшлі сотні глыбачан. Божая літургія ў кафедральным саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і стала першай падзеяй асноўнага дня свята.
  Глыбоччына —  багаты на слынных людзей край: пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў, літаратараў. На свяце з удзелам старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Мікалаевіча Косінца быў урачыста адкрыты Сквер славутых землякоў-глыбачан. У іх ліку генеральны авіяканструктар Павел Сухі, чыя ўнучка таксама прыехала на свята, а таксама заснавальнік нацыянальнага тэатра Ігнат Буйніцкі, мастак, археолаг, фалькларыст, літаратар Язэп Драздовіч, гісторык, вучоны, палітычны дзеяч Вацлаў Ластоўскі, стваральнік  іўрыта – дзяржаўнай мовы Ізраіля –  Эліэзер Бен-Іегуда, мецэнат, на сродкі якога ў Глыбокім пабудаваны касцёл кармелітаў, Троіцкі касцёл і іншыя, Іосіф Корсак, паэт, удзельнік вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Алесь Дубровіч, Герой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант Пётр Казлоў. Мемарыяльныя дошкі ў бронзе створаны пісьменніку Лявонцію Ракоўскаму і беларускаму грамадскаму дзеячу 20-30 гадоў 20-га стагоддзя Дуж-Душэўскаму. Як зазначыў Аляксандр Косінец, восем бронзавых бюстаў і дзве  мемарыяльныя дошкі, устаноўленыя знакамітым беларускім дзеячам адначасова, як у Глыбокім, — такое ў краіне адбылося ўпершыню і з’яўляецца сведчаннем таму, што беларусы памятаюць сваю гісторыю, высока цэняць уклад вялікіх людзей у развіццё краіны.
  А. М. Косінец прыняў удзел і ва ўрачыстым адкрыцці гандлёвага цэнтра, які размясціўся на месцы былога магазіна “Універмаг” і якому, як прагучала на цырымоніі адкрыцця, няма сёння роўных ва ўсёй Беларусі.
  Галоўная сцэна размясцілася на цэнтральнай плошчы Глыбокага. Тут прайшло ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства, арганізатарамі якога выступілі міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі, спорту і турызму, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі, Віцебскі аблвыканкам, Глыбоцкі райвыканкам, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Саюз пісьменнікаў. Гасцей свята віталі: намеснік прэм’ер-міністра Беларусі, старшыня нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Анатоль Тозік, які зачытаў прывітальны адрас удзельнікам урачыстага мерапрыемства, накіраваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам  Лукашэнкам,  намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, епіскап Барысаўскі вікарый Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы Веніямін і старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат.
  Сёлетняе свята праводзілася ў Год кнігі, які пазначаны юбілеямі нашых класікаў  Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Таму Ганаровыя знакі-сімвалы  «Залаты Купідон» і дыпломы атрымалі пераможцы і лаўрэаты рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшы  літаратурны твор 2011 года.
  Арганізатары мерапрыемства запрасілі ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства на Фестываль кнігі і прэсы. Госці змаглі пабачыць усе лепшыя выданні апошняга часу і нават сустрэцца з аўтарамі кніг. Шырока была прадстаўлена на свяце рэспубліканская і рэгіянальная прэса. У тым ліку наша раённая газета “Зара” (на здымку ўверсе). Для дзяцей былі арганізаваны свята “Разам з кнігай мы расцём”, выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладной творчасці, конкурс малюнкаў на асфальце, дзіцячы пленэр імя Язэпа Драздовіча, для моладзі – “Маладзецкія забавы”, маладзёжны праект “Час выбраў нас”. У гэты дзень можна было паслухаць таксама канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя  Г. Цітовіча, паглядзець выступленні творчых калектываў вобласці і замежных гасцей. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа прадставіў спектакль па п’есе Георгія Марчука «Кракаўскі студэнт».
  Словам, Глыбокае ў першыя вераснёўскія дні стала сапраўднай сталіцай свята роднага слова. Адметны каларыт сучаснаму, прыгожаму, добраўпарадкаванаму гораду надавалі тэматычныя пляцоўкі-панадворкі, дзе праводзіліся тэатралізаваныя прадстаўленні, майстар-класы, конкурсы па розных накірунках (на здымку ўнізе). На гарадскім стадыёне адбыліся паказальныя выступленні парашутыстаў і футбольны матч паміж прадстаўнікамі рэспубліканскіх СМІ і ветэранамі футбола г. Глыбокае, прайшлі спаборніцтвы па армрэслінгу, спартыўным дартсе, настольным тэнісе, шашках, шахматах і г. д.
  Сталіцай юбілейнага, дваццатага Свята беларускага пісьменства, якое адбудзецца 1 верасня 2013 года, стане горад Быхаў Магілёўскай вобласці. Яму і перадало Глыбокае сімвалічны вымпел-эстафету.  Завяршыў свята гала-канцэрт майстроў мастацтваў і святочны феерверк.
  Даведка “Зары”: традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі. XVIII Дзень беларускага пісьменства прайшоў 4 верасня 2011 года ў горадзе Ганцавічы (Брэсцкая вобласць).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *