К. Ф. Бавтрушко — лидер по отвозке зерна от комбайнов в Бешенковичском районе

Они живут рядом

Душа радуецца ў К. Ф. Баўтрушкі, калі ён назірае, як  каласіцца хлебная ніва. Нарадзіўся Канстанцін Фёдаравіч у суседнім Чашніцкім раёне ў вёсцы з прыгожай назвай Белая Дуброва, вырас у сялянскай сям’і. Маці рупілася жывёлаводкай у мясцовай гаспадарцы, а бацька працаваў рахункаводам. Менавіта яны прывілі сыну любоў да роднай зямлі і працы на ёй. Канстанцін Фёдаравіч годна працягвае лепшыя сямейныя традыцыі.   “Маё месца тут, у вёсцы”, — аднойчы і назаўжды вырашыў ён для сябе і ніколі не пашкадаваў аб гэтым. Як бы не прыцягваў горад з яго спакусамі прыгожага жыцця, Канстанцін Фёдаравіч толькі ўмацоўвае свае карані на зямлі, бо менавіта яна дае сілы, энэргію для стваральнай працы.
   Вось ужо 32 гады хлебароб жыве ў Бешанковіцкім раёне і працуе ў ДП “Палітаддзелец-Агра”. Сярод калег механізатараў і вадзіцеляў мужчына карыстаецца павагай і аўтарытэтам. У апошнія гады прозвішча Баўтрушкі на слыху, бо на якім бы ўчастку не рупіўся Канстанцін Фёдаравіч, абавязкова дэманструе працалюбства і стараннасць – па-іншаму яму не дазваляе гонар і сумленне. Шчырасці ў працы яго вучылі бацькі,  гэтыя жыццёвыя прынцыпы ён добра засвоіў і не можа ім здрадзіць.
   — Механізатарскі корпус у нас – адзін з лепшых у раёне, — адзначае дырэктар ДП “Палітаддзелец-Агра” А. М. Крышын. – Канстанцін Фёдаравіч Баўтрушка – увогуле гонар нашага калектыву, граматны, адказны і надзейны работнік. Давераная яму тэхніка бегае без збояў, і ў гэтым заслуга вадзіцеля. Добрасумленная праца Баўтрушкі рэгулярна падмацоўваецца падзякамі і граматамі. Ён добры настаўнік для моладзі, яна вучыцца ў яго спрактыкаванасці, ахвотна пераймае вопыт і бярэ прыклад, бо Канстанцін Фёдаравіч заўжды першы сярод лепшых…
     Калі камбайн Канстанціна Фёдаравіча адслужыў сваё, мужчыне даверылі новы “МАЗ-555”. На ім Баўтрушка ўжо трэці сезон выконваў важную дзяржаўную задачу – дастаўляў вырашчаны хлеб з поля да сушылкі. Ён быў у лідарах у раёне сярод вадзіцеляў летась, сёлета таксама задаў тон працоўнаму саперніцтву і ўзяў высокую планку. К. Ф. Баўтрушка перавёз з поля 4070 тон збожжа. Гэта лепшы вынік па раёне, ды і на Віцебшчыне заяўка на лідарства.
   – Сакрэт майго поспеху просты, — лічыць Канстанцін Фёдаравіч, — і справа тут не толькі ў багатым вопыце работы на зямлі. Галоўнае – не ленавацца, адказна адносіцца да справы і трымаць тэхніку ў парадку. Зямля любіць клопат пра яе і тады шчодра аддзячвае важкім коласам. Наша задача – сабраць хлеб з поля да апошняга зярнятка…
   Штогод уборачная пара дае аграрыям магчымасць стаць яе героем, дасягаць поспеху на любым з участкаў няспыннага хлебнага канвеера. Трэба толькі гэтага вельмі захацець. У Канстанціна Фёдаравіча ёсць не толькі жаданне  прыносіць карысць, сваім ладам жыцця ён пацвярджае сваё імкненне быць гаспадаром на зямлі, а не звацца ім.
  Баўтрушка ўсё свядомае жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Ён доўгі час вазіў на аўтобусе даярак і рабочых гаспадаркі, потым перасеў на камбайн. На сваёй “Лідзе-1300” шчыраваў на хлебнай ніве і не раз выходзіў у лідары жніва. А стымул для гэтага быў значны – упісаць сваё імя ў летапіс слаўных спраў раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *