В Бешенковичах пройдёт акция В будущее вместе

Новости района

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў разгорнутае эксклюзіўнае інтэрв’ю медыяхолдынгу «Блумберг». У якасці інтэрв’юера кіраўніка дзяржавы выступіў вядучы карэспандэнт «Блумберг ТБ» з Лондана Раян Філіп Чылкат. Ён ужо браў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі ў 2001 годзе ў якасці карэспандэнта тэлеканала CNN.
Лукашэнка: у Беларусі ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце яшчэ больш цэняць стабільнасць
«Беларусы даўно разумеюць, што дзяржава павінна быць стабільнай і што галоўны прыярытэт, галоўнае – гэта мір. Усё астатняе мы купім. Няхай мы будзем крыху бяднейшыя за іншых. У нас няма столькі рэсурсаў, каб быць такімі багатымі. Але мы будзем жыць у мірнай краіне, дзе не будуць паміраць ад асколкаў і куль нашы дзеці і старыя», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Мы павінны, і я ў тым ліку цяпер, знаходзячыся на чале ўлады, зрабіць усё, каб і без мяне, без цяперашняга пакалення палітыкаў, якое рана ці позна пойдзе, Беларусь засталася суверэннай і незалежнай. І мы гэта зробім», – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Сітуацыя ў беларускай эканоміцы няпростая, але не крытычная
«У нас сітуацыя няпростая, як у Расіі, Казахстане, на постсавецкай прасторы, як і ў многіх краінах свету, – сказаў кіраўнік дзяржавы. — На нас сур’ёзна паўплывалі санкцыі, якія ўвялі супраць Расіі, мы іх адчулі. І вось у Астане гэта было наша галоўнае пытанне, мы абмяркоўвалі тэму санкцый супраць Расіі. Дэвальвацыя расійскага рубля, абвал, абвал цэн на нафту, вядома, вельмі ўскладнілі сітуацыю ў Расіі, і мы абмяркоўвалі, як гэта паўплывала на членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. У нас няпростая сітуацыя ў эканоміцы, але не крытычная».
Прэзідэнт таксама заўважыў: «Вельмі дрэнна, што мы ў свой час павольнымі тэмпамі дыверсіфікавалі як сваю эканоміку, так і экспарт. Бо ў нас адкрытая эканоміка. Мы больш за палавіну таго, што выпускаем, прадаём. І тым самым залежым ад знешніх рынкаў. Мы не паспелі даволі далёка адысці ад рынку Расіі, рынку постсавецкага і перайсці на іншыя». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер гэты працэс фарсіруецца.
Яшчэ не ўпушчаны момант, каб Украіна засталася адзінай і цэласнай
«Для таго, каб асуджаць, падтрымліваць або абвяргаць, трэба быць там, у гэтым катле. Парашэнка там, ён – Прэзідэнт Украіны, напэўна, яму лепш відаць. У нас мэты іншыя. Улады Украіны, мабыць, цяпер больш прыхільныя да таго, каб сілай вырашыць гэта пытанне, Усходняй Украіны. Я з іншых пазіцый зыходжу. Я лічу, што сілавога вырашэння гэтай праблемы няма. Гэта будзе шмат крыві, будзе эскалацыя канфлікту. Таму я за мірнае вырашэнне гэтага пытання. І ўсяляк садзейнічаў, каб гэты мір там настаў», – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Я лічу, што сёння не ўпушчаны момант. І дзеля таго, каб Украіна засталася адзінай і цэласнай, трэба выканаць мінскія пагадненні, пад якімі стаяць подпісы і кіраўніцтва Украіны», – адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Пуцін ніколі не ставіў пытанне аб уваходжанні Беларусі ў склад Расіі
«Беларусь не стане часткай Расіі, і расійскае кіраўніцтва ніколі не ставіла такое пытанне», – заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Расіі шмат палітыкаў, якія «мысляць імперскі і інакш не бачаць, як тое, што Беларусь павінна быць нейкім паўночна-заходнім краем». «На гэта мы даём канкрэтны адказ: мы не будзем паўночна-заходнім краем. Як і не будзем ніколі, як я гэта разумею, канфліктаваць з Расіяй!» – падкрэсліў беларускі лідар.
«І сёння кіраўніцтва Расіі  не ставіць напрамую пытанне аб тым, што Беларусь павінна быць у складзе Расіі. Былі нейкія, ведаеце, намёкі ў мінулым, на што было вельмі жорстка адрэагавана з майго боку. Мы былі і ёсць суверэнная, незалежная дзяржава. Ёй і застанёмся», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА.