Перераспределяются земельные участки

Новости района

70 гадоў аддзяляе нас ад радаснага і горкага 9 мая 1945-га года – свята Вялікай Перамогі. Але падзеі ваеннага часу не забытыя – яны жывыя ва ўспамінах ветэранаў, захаваныя на старонках кніг. Памяць пра трагічныя дні перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Пра гэта клапоцяцца і ў ДУА «Рубежская дзіцячы сад-базавая школа». Напярэдадні памятнай даты ва ўстанове адукацыі вырашылі ўвекавечыць памяць пра свайго земляка, ураджэнца в. Пажарышча, І. І. Строчку.
У гады Вялікай Айчыннай вайны малодшы лейтэнант Іван Іванавіч Строчка быў камандзірам агнявога ўзвода 13-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 37-й асобнай знішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады 1-га Украінскага фронту.   
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 верасня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Віслы і ўтрыманні плацдарма на яе заходнім беразе, малодшаму лейтэнанту Івану Строчку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».   
У памяць пра абаронцу Радзімы настаўнікі і навучэнцы заклалі каля школы бярозавы гай і пасадзілі 70 дрэў. Лічба вельмі сімвалічная, бо з пераможнага мая 1945-га года прайшло сем дзясяткаў мірных гадоў.
Дзеці і дарослыя з асаблівым хваляваннем удзельнічалі ў акцыі.
Напэўна, амаль у кожнай сям’і ёсць удзельнік вайны, які загінуў у баі і пахаваны далёка ад дома. Многія па сённяшні дзень не ведаюць, дзе менавіта пахаваны іх герой, некаторыя не маюць магчымасці прыехаць на месца пахавання. Думаецца, дзякуючы падобнаму праекту ў жыхароў Рубяжа і навакольных вёсак з’явілася магчымасць аддаць даніну памяці абаронцам Айчыны, якія падарылі нам свабоду і незалежнасць.