У ААБ-Агра Наватар, Палітаддзельцы-Агра, Астроўне арганізавана пераводзяць на зімова-стойлавае ўтрыманне маладняк буйной рагатай жывёлы і дойны статак

Заботы сельские

Верасень няўмольна адлічвае свае дзянькі. У сувязі з паніжэннем тэмпературы паветра ў начны час сутак і прагназуемым дажджлівым надвор’ем для сельгаспрадпрыемстваў раёна ўсё больш актуальна гучыць пытанне пастаноўкі жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне.

Летнія пагодлівыя дні для будаўнічых брыгад у гаспадарках не прайшлі дарма. Яны здолелі своечасова адрамантаваць памяшканні для жывёлы: замянілі падлогі, ліквідавалі паломкі ў сістэмах гноеўдалення, аўтапаення. Усё гэта дзеля таго, каб без прамаруджання перавесці жывёлу з летніх «падворкаў» на зімовыя «кватэры».

Добрасумленна аднесліся да гэтай важнай справы ў «ААБ-Агра Наватар», «Палітаддзельцы-Агра», «Астроўне». Каб захаваць прадукцыйнасць жывёлы, пазбегнуць яе захворванняў і падзяжу, тут арганізавана пераводзяць на зімова-стойлавае ўтрыманне маладняк буйной рагатай жывёлы і дойны статак.

Але, на жаль, не ўсе кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў дэманструюць гаспадарскі падыход, а часам і не звяртаюць увагу на рэкамендацыі спецыялістаў упраўлення райсельгасхарчу. Не спяшаюцца ставіць пагалоўе ў кароўнікі ў «Бачэйкаве-Агра», «Свіціне-ВМК», «АграВітВіне».

Напрыклад, у «Бачэйкаве-Агра» марудзяць з абнаўленнем сістэмы водапаення, шмат спраў яшчэ па рамонце даільнай залы МТФ «Клешчыно». У «Свіціне-ВМК» пакуль не давялі да ладу пад’езды да транспарцёраў гноеўдалення.

– Між тым, патрабаванні аднолькавыя да ўсіх суб’ектаў гаспадарання, – адзначае І. П. Марковіч, намеснік начальніка аддзела вытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу. – На выязной нарадзе, якая праходзіла з удзелам старшыні райвыканкама, перад кіраўнікамі сельгасарганізацый пастаўлена задача да 15 верасня размясціць пагалоўе буйной рагатай жывёлы на зімовых «кватэрах» і паклапаціцца пра пажыўнасць «меню» для буронак. Нядбайным гаспадарам давядзецца адказваць за сваю непаваротлівасць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *