У Траянах свята вёскі

2017 год - Год науки

Вёска – месца, дзе жыццё цячэ, як плынь у ручаі. Іншы раз імкліва, але часцей – павольна і разважліва. Кожны займаецца сваёй справай. Час ідзе, моладзь з’язджае, і ўсё радзей на вуліцы чутныя галасы дзяцей. Але ёсць людзі, якія не дадуць засумаваць. Вось і ў вёску Траяны нядаўна завіталі госці. Ды не проста так, а са спевамі і віншаваннямі.

Таццяна Кірылаўна Чаплінская, загадчыца Палітаддзельскага сельскага клуба, разам з мясцовым бібліятэкарам Інай Уладзіміраўнай Паліўкінай арганізавалі ў Траянах свята вёскі. Для вяскоўцаў гэта была вельмі значная падзея, якая сабрала ўсіх жыхароў каля гасціннай хаты Ганны Рыгораўны Акуневіч. На яе падворку накрылі стол, частавалі ласункамі.

– За месяц да свята мы з Інай Уладзіміраўнай зайшлі ў кожную хату, запісалі біяграфіі мясцовых жыхароў, – расказвае Таццяна Кірылаўна. – Разам з дзецьмі, якія наведваюць вакальны кружок, падрыхтавалі творчыя нумары. Надвор’е было не вельмі добрае, але настрой ад гэтага горшым не стаў. Усе весела правялі час, запрашалі ў госці яшчэ.

Гісторыі жыцця вяскоўцаў, апрацаваныя культработнікамі, зачыталі за сталом. Крыху расказалі яны самі. Потым узнагародзілі самых незвычайных жыхароў: самага маладога, самага старэйшага, самага гасціннага гаспадара. Падчас свята вяскоўцы з Траян таксама здзіўлялі гасцей і суседзяў гарбузамі-волатамі, вырашчанымі на прысядзібных надзелах.

У наступным годзе, хутчэй за ўсё, віншаванні будуць прымаць Берасні. Але гэта яшчэ наперадзе. А Траяны працягваюць сваё вясковае жыццё. Звычайнае, простае і ад гэтага не менш шчырае.

На здымку: адзін са старэйшых жыхароў вёскі Траяны Аляксандр Іванавіч Ткачонак з незвычайным ураджаем.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *