Нас з’яднала зямля Беларусі

2017 год - Год науки

Міёры ў чарговы раз прымалі абласное свята нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні «Нас з’яднала зямля Беларусі».

Прадстаўнікі дзясятка нацыянальнасцяў, якія пражываюць на Віцебшчыне, з’ехаліся сюды не проста на іншых паглядзець, але і сябе паказаць.

– Мерапрыемства прайшло ў межах адборачнага тура Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які адбудзецца ўлетку наступнага года ў Гродне,– расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Мікалаеўна Апанасёнак. – Народныя ўмельцы здзіўлялі гасцей шэдэўрамі ручной працы, разнастайнасцю апетытных страў вабілі накрытыя сталы, гучалі песні і вершы на розных мовах свету. Наш раён на гэтым свяце прадстаўляў клуб аматараў беларускай кухні, фальклору і гульні «Бараболя».

Па традыцыі фестываль распачаўся гульнёвай праграмай і выставай дэкаратыўна-прыкладной творчасці і нацыянальных кухань «Фарбы восені». Нашыя гаспадыні накрылі багаты стол.

– Усе стравы прыгатаваныя выключна з таго, што «падаравала» нам восень, – адзначае кіраўнік аматарскага аб’яднання Жана Валер’еўна Бурак. –Хто жадаў, мог паспытаць фаршыраваныя грыбамі і цыбуляй бурачкі, вельмі ўдалыя былі пірагі, драныя бліны. Мы частавалі гасцей свята старадаўнімі беларускімі стравамі.

Прадстаўнікі нашага раёна прадэманстравалі гульнёвую праграму пад назвай «Як жаніўся наш Талаш». Дзякуючы высокаму артыстызму, культработнікі з лёгкасцю змаглі прывабіць гледачоў, якія актыўна ўключаліся ў гульню.

– Трапіўшы на такое свята, адразу адчуваеш сябе неяк па-іншаму, – кажа Жана Валер’еўна. – Гэта непараўнальная атмасфера гасціннасці, цеплыні і шчырай сардэчнасці, з якой умеюць сустракаць на Віцебшчыне.

Дадому наша дэлегацыя вярнулася з узнагародай – клуб аматараў беларускай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» адзначаны дыпломам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *