Стартуе раённы літаратурны конкурс маладых паэтаў, пісьменнікаў і журналістаў Дэбют

Конкурс

З 1 лістапада па 20 снежня на Прыдзвінні будзе правадзіцца раённы літаратурны конкурс маладых паэтаў, пісьменнікаў і журналістаў «Дэбют». Яго арганізатарамі выступаюць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, рэдакцыя раённай газеты «Зара» і раённы камітэт грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Конкурс праводзіцца штогод і накіраваны на актывізацыю цікавасці падлеткаў і моладзі да літаратурнай творчасці, развіццё нацыянальнай культуры, інтэлектуальнага патэнцыялу і літаратурна-мастацкіх талентаў, выхаванне мастацкага густу маладога і дарослага насельніцтва.

Удзел у конкурсе «Дэбют» могуць прыняць усе жадаючыя аўтары ва ўзросце ад 14 да 31 года ўключна. Пісаць можна як на беларускай, так і на рускай мове. На разгляд журы прымаюцца замалёўкі, карэспандэнцыя пра жыццё маладзёжнай арганізацыі ці жыццё моладзі раёна, апавяданні, вершы, гістарычныя нарысы, сачыненні на патрыятычную тэматыку. Творы прымаюцца як у рукапісным, так і ў электронным варыянце. Дасылаць іх можна ў рэдакцыю раённай газеты «Зара» (г. п. Бешанковічы, вул. Савецкая, 15), або ў РК ГА «БРСМ» (г.п. Бешанковічы, вул. Камуністычная, 10, каб. 27).

Аўтар абавязкова павінен указаць сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, дату, месяц і год нараджэння, асноўнае месца вучобы ці працы, дамашні адрас і тэлефон. Назад работы не вяртаюцца.

Пераможцы конкурсу будуць вызначаны ў трох намінацыях: сярод маладых паэтаў, маладых пісьменнікаў і маладых журналістаў. У кожным з жанраў журы вызначыць па аднаму тэксту-пераможцу. Лепшых узнагародзяць памятнымі прызамі і граматамі, а іх работы будуць апублікаваны на старонках раённай газеты «Зара». Раённы камітэт ГА «БРСМ» устанавіў і спецыяльны прыз за лепшы твор на патрыятычную тэматыку.