Свята бульбы

2017 год - Год науки

Багатую спадчыну мае беларускі народ. Яна складвалася нашымі продкамі на працягу многіх стагоддзяў. Дарэчы, ці ёсць што смачнейшае для беларусаў, чым бульба? Менавіта ёй і было прысвечана восеньскае свята ў раённым Доме культуры, якое падрыхтавалі ўдзельнікі клуба «Ветэран». Нягледзечы на тое, што кожны ў гэты дзень, як звычайна, з працы спяшаўся дадому, усё ж людзей сабралася даволі шмат, і кожны прынёс з сабой добры настрой і ўсмешкі. Толькі ўявіце сабе: упрыгожаная нацыянальнымі рушнікамі зала, на сталах розныя стравы і кветкі…

Распачалося свята з гісторыі. Так, бульба ў дзікім выглядзе расла ў горных раёнах Паўднёвай Амерыкі. Яе вырошчвалі індзейцы. Пасля адкрыцця Амерыкі клубні бульбы з’явіліся і ў Еўропе, а называлі іх тады «землянымі яблыкамі». У нашу краіну бульба трапіла пры Пятры I, які даслаў з Галандыі мех бульбы графу Шарамецьеву і загадаў разаслаць клубні па ўсіх раёнах Расіі і вырошчваць іх. Спачатку бульбу саджалі на клумбах, як дэкаратыўную расліну, пазней паспрабавалі выкарыстоўваць плады ў ежу, але яны былі горкія і неядомыя. Таму сяляне ставіліся да гэтай расліны з недаверам. Людзі пачалі заўважаць, нібы ў бульбы ёсць галава і вочы, накшталт чалавечых, а той, хто есць бульбу, той есць душы чалавечыя. Нашы продкі называлі бульбу «чортавым яблыкам». Папулярнасцю карысталіся толькі кветкі бульбы, асабліва пасля таго, як французская каралева закалола іх у прычоску і ўпрыгожыла імі сваю сукенку. Пазней людзі паспрабавалі клубні расліны. Яны ім спадабаліся і бульбу сталі выкарыстоўваць як харчовую культуру, ды так, што караняплоды сталі галоўнай ежай рускіх людзей, а для беларусаў – другім хлебам.

Госці пачулі не толькі гісторыю пра бульбу, але і самі змаглі паўдзельнічаць у розных конкурсах. Напрыклад, даволі цікавай атрымалася гульня «Пасадка і збор бульбы». Здзівіў конкурс на самы мудрагелісты караняплод, які сёлета вырас на ўласных падворках. А колькі страў, якія можна прыгатаваць з бульбы, вы ведаеце? Усе разам, на жаль, мы налічылі крыху больш за 20. А на самой справе іх каля тысячы.

Свята атрымалася яркім і насычаным. З песнямі, прыпеўкамі, вершамі і танцамі… Дзякуючы арганізатарам мерапрыемства, многія з прысутных адчулі сябе на некалькі гадоў маладзей. Яшчэ доўгі час з залы раённага Дома культуры чулася музыка…

На здымку: гаспадыні дэманструюць вырашчаныя дзіўныя караняплоды.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *