У Соржыцы ладзяць суботнікі

Заботы сельские

Надвор’е радуе нас адносна цёплымі дзянькамі, а гэта значыць, яшчэ ёсць час, каб дагледзець і добраўпарадкаваць тэрыторыі ля адміністрацыйных будынкаў, вытворчых памяшканняў, прыватных домаўладанняў. Менавіта на гэта зараз звярнулі ўвагу ў Соржыцкім сельвыканкаме.

Ужо другую суботу запар тут ладзяцца суботнікі. Працоўныя калектывы і насельніцтва ахвотна прымаюць у іх удзел і наводзяць парадак на зямлі, убіраюць і вывозяць апалае лісце, даглядаюць тэрыторыі каля ферм. Акцэнт зроблены і на добраўпарадкаванні месцаў воінскай славы.

Як адзначыў старшыня Соржыцкага сельвыканкама Мікалай Аляксеевіч Аляксеенка, істотную дапамогу ў пытаннях акультурвання вёскі мясцовай уладзе аказалі сёлета і шэфы з г. Віцебска, якія замацаваны за населенымі пунктамі. Напрыклад, Віцебскі лікёра-гарэлачны завод займаўся добраўпарадкаваннем Вяжышча і ўборкай аварыйных дрэў. «Універмаг» г. Віцебска абуладкаваў прыпыначны пункт у Соржыцы і сачыў за парадкам у населеным пункце. Віцебскія электрасеткі абкошвалі і ўбіралі хмызняк у Дуброве, а таксама для зручнасці сялян абуладкавалі стол і лаўку на месцы прыпынку аўталаўкі.

…І збіраюць падаткі

Не менш важнай справай апошніх дзён было і папаўненне бюджэту за кошт збору розных відаў падаткаў з насельніцтва.

Да 15 лістапада вяскоўцы павінны былі аплаціць зямельны падатак і падатак на нерухомасць. Соржыцкаму сельвыканкаму трэба было сабраць каля 45 мільёнаў рублёў. Таму прадстаўнікі сельскага выканаўчага камітэта на мінулым тыдні яшчэ раз сустрэліся з тымі жыхарамі вёскі, хто яшчэ не паспеў выканаць свае падатковыя абавязацельствы, і нагадалі пра тэрміны ўплаты і меры адказнасці.

Яшчэ 2,5 мільёна рублёў падаткаў – гэта добраахвотныя адлічэнні вяскоўцаў у так званы пазабюджэтны фонд. Ён фарміруецца з разліку спагнання па 10 тысяч рублёў з кожнага чалавека. Гэтыя сродкі мясцовая ўлада надалей выкарыстоўвае на вырашэнне пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва, напрыклад, на расчыстку вуліц і дарог ад снежных заносаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *