В Бешенковичской районной детской библиотеке прошла встреча с фотографом-краеведом Леонидом Акулёнком

Наш бешенковичский край

У цэнтральнай раённай дзіцячай бібліятэцы прайшла сустрэча школьнікаў з фатографам-краязнаўцам Л. М. Акулёнкам.  Леанід Мікалаевіч – былы фотакарэспандэнт раённай газеты «Зара», таму дзеці з вялікай цікавасцю знаёміліся з яго працамі. А паглядзець сапраўды было на што. На фотаздымках гэтага чалавека знайшлі адлюстраванне падзеі, памятныя даты, людзі і звычайныя моманты, якія радуюць вока. Да кожнага з іх Леанід Мікалаевіч паставіўся з душой, як сапраўдны мастак, паспрабаваў адлюстраваць сваё творчае бачанне, спыніць незабыўныя моманты жыцця.
     Фотаздымкі, як распавядаў аўтар, былі з ім побач усё жыццё. Ужо з пятага класа ён стаў наведваць фотагурток у Доме піянераў. З гадамі цяга да фотамастацтва толькі расла, таму абраў менавіта гэта рамяство сабе ў прафесію. Леанід Акулёнак з гонарам адзначыў, што яго праца прыносіла толькі задавальненне і нейкую незвычайную асалоду.
     Сваю працоўную дзейнасць Л. М. Акулёнак  пачынаў вучнем фатографа ў Сенненскім камбінаце бытавага абслугоўвання насельніцтва. Яго працоўны стаж налічвае больш за 40 гадоў, 34 з якіх Леанід Мікалаевіч прысвяціў рэдакцыі раённай газеты «Зара». Здымкі Л. Акулёнка неаднойчы публікаваліся на старонках рэспубліканскіх выданняў. Яго працы ўдзельнічалі ў розных конкурсах і былі адзначаны прызамі.
     У творчай скарбонцы Леаніда Мікалаевіча маюцца дзве кнігі: «На абшарах Прыдзвіння» і «Па жыцці з фотаапаратам», а таксама два фільмы, якія ён і прадэманстраваў школьнікам. Кароткаметражныя стужкі апавядаюць не толькі пра гісторыю і сучаснасць нашага раёна, але і дазваляюць убачыць шмат незвычайнага ў маляўнічых фотаздымках.
     – Фільм пра Бешанковічы – гэта гісторыя, якая застанецца вам у спадчыну, – адзначыў Л. М. Акулёнак. – Беражыце яе. Фатаграфуйце, бо гісторыя бессмяротная…
 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *