Гимназисты побывали в гостях у ветерана войны Сергея Нестеровича Карася

Письмо в газету

У гэтым годзе споўніцца 70 гадоў, як наш край быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усё далей і далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, усё даражэй  і даражэй для нас людзі, якія перажылі ваеннае ліхалецце. Адным з іх з’яўляецца Сяргей Несцеравіч Карась, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Хутка яму споўніцца 93 гады, але, нягледзячы на сталы ўзрост, ветэран добра памятае пра падзеі мінулых гадоў, дакладна называе знамянальныя даты свайго жыцця. Сяргей Несцеравіч адразу выдаў сакрэт свайго даўгалецця:
     – Усё жыццё актыўна займаўся спортам, ніколі не курыў і не злоўжываў гарэлкай, многа хадзіў пешшу.
     А далей пачаў нетаропка апавядаць пра сваё жыццё:
     – Нарадзіўся ў вёсцы Сябрынка Сенненскага раёна ў сям’і селяніна. Мясціны былі вельмі прыгожыя, кругом лес, шмат ягад і грыбоў. Жылося вельмі бедна, хадзілі ў лапцях і драўляных калодках. Вучыўся я добра і, закончыўшы сямігодку, паспрабаваў паступіць у Віцебскае медыцынскае вучылішча. Горад уразіў сваім святлом і вялікімі будынкамі, але, зразумеўшы, што для вучобы патрэбны грошы, ад задумы адказаўся. Перад вайной бацькі перасяліліся ў Падворыцу. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1940 годзе адразу пайшоў у войска і трапіў у 102-гі пяхотны полк, які размяшчаўся каля горада Рава Руская Львоўскай вобласці. Тады толькі ўвялі ўсеагульную вайсковую павіннасць, таму служылі салдаты розных гадоў нараджэння.
     Вайсковая служба ішла пад лозунгам:  «Падрыхтоўку салдата максімальна прыблізіць да баявой». Малодшыя камандзіры яго разумелі  так: прыводзілі нас у гразкае месца і застаўлялі там поўзаць, нам гэта вельмі не падабалася. Асабліва запомніўся мне настаўнік Іван Фядорчанка. Ён выдзяляўся сярод нас сваім розумам і выхаванасцю. Часы тады былі неспакойныя, усе шукалі ворагаў народа і за любое слова маглі чалавека адправіць у турму. Аднойчы, сярод ночы, мяне паднялі з ложка і прывялі на допыт. Следчы пытае: «А гаварыў твой сябра  Фядорчанка ў час заняткаў, што Цімашэнку б сюды, хай бы ён у гразі  паваляўся?». Я гэтага не чуў, так следчаму і адказаў. Толькі праз гадзіну мяне зноў у казарму адправілі, нават наганам пугалі.
     Часта так здараецца, што лёс чалавека можа крута памяняцца, здарылася такое і са мной. У красавіку 1941 года паехалі мы ў летні лагер, з казармаў у палаткі перасяліліся. У канцы месяца, у нядзелю, сустракаю свайго камандзіра роты, а ён мне і кажа: «Хочаш у ваеннае вучылішча паехаць? Шукай сабе напарніка – і ў штаб палка». Я збегаў за сваім земляком Косцем Стукам і запісаўся. Праз тыдзень, 3 мая, мы ўжо ехалі у горад Серпухаў, пад Маскву, у авіяцыйна-тэхнічнае  вучылішча.
     …Вучобу перарвала вайна, восенню фронт наблізіўся да Масквы. Здаралася, ноччу нас, курсантаў, падымалі па баявой трывозе, і мы адпраўляліся лавіць дыверсантаў, якіх немцы скідвалі на парашутах. У кастрычніку 1941 года вучылішча эвакуіравалі ў Казахстан. Восенню 1942 года, атрымаўшы званне сяржанта, я быў накіраваны ў горад Фрунзе, дзе размяшчалася Адэская школа пілотаў.  Займаўся рамонтам знішчальнікаў  «І-16».
     У студзені 1943 года лёс зноў зрабіў круты паварот. Я быў накіраваны на стажыроўку ў горад Новасібірск, на завод, дзе выпускалі самалёты маркі «Як». Працаваў пад кіраўніцтвам вопытнага механіка Якаўлева і займаўся наладкай самалётаў, якія выпускаў завод. Трактар выцягваў яго з цэха, а механік і тры памочнікі павінны былі яго «давесці  да толку». Трэба было ў кароткі час ліквідаваць усе недахопы і  здаць самалёт лётчыку пад роспіс.
     У красавіку 1943 года, закончыўшы стажыроўку  ў Навасібірску, трапіў на Цэнтральны фронт у 2-гі асобны авіяцыйны полк 16-й паветранай арміі. Мне даверылі двухмесны вучэбны самалёт «Як -7». На ім вучыліся лётнаму майстэрству маладыя лётчыкі, перад тым, як сесці за штурвал баявых. Праца была вельмі напружанай, таму што самалётам карысталася шмат людзей, і ён заўсёды павінен быў быць у гатоўнасці. Уставаў у тры гадзіны раніцы і рабіў перадпалётную падрыхтоўку: ліквідаваў няспраўнасці, запраўляў палівам, праграваў рухавік і іншае. У абед лётчыкі адпачывалі, а я зноў займаўся самалётам, вечарам тое самае. Ад перанапружання і недасыпу два разы трапляў у шпіталь, але лячыўся не лекамі, а сном. Суткі адсыпаўся і зноў вяртаўся ў полк. За час сваёй службы, на працягу двух гадоў, з самалётам не здарылася ні воднай аварыі. За «безаварыйнасць» два разы атрымаў прэміі па тры тысячы рублёў, вялікія на той час грошы! Вайну закончыў у Германіі, яшчэ год быў у дзеючай арміі. Пасля пачалося мірнае жыццё, але гэта зусім іншая гісторыя…
     Каб запісаць гэтыя ўспаміны, мы два разы наведвалі ветэрана, ласаваліся ў яго цукеркамі, пілі гарбату і гутарылі. Сяргей Несцеравіч аказаўся цудоўным расказчыкам. Хочацца пажадаць яму моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Дар’я ШЫДЛОЎСКАЯ,
вучаніца
Бешанковіцкай гімназіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *