Анатоль Аляксандравіч Жыгун і яго аповяд пра пачатак акупацыі ў Бешанковіцкім раёне

К 75-летию с начала Великой Отечественной войны

22 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца сумная дата – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 73 гады таму назад, на досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз.


Карэспандэнт «Зары» сустрэўся з 82-гадовым жыхаром г. п. Бешанковічы Анатолем Аляксандравічам Жыгуном і папрасіў прыгадаць апошнія мірныя дні нашага райцэнтра і пачатак яго акупацыі. Вось яго аповяд.


– Перад вайной мае бацькі жылі на вуліцы Садовай, 13, – узгадвае А. А. Жыгун. – Нашымі суседзямі была сям’я будучага Героя Савецкага Саюза М. М.Ткачэнкі. Прадчуваннем вайны жылі нашы бацькі, суседзі, хоць радыё гэту тэму абыходзіла. Напружанне і трывога трывала віселі ў паветры, наганяючы страх на ўсё жывое. А ў нядзелю, 22 чэрвеня, выступленне Молатава пацвердзіла самае страшнае – вайна пастукалася ў нашы дзверы. Бацька, Аляксандр Герасімавіч, перад тым, як пайсці на фронт, разам з суседзямі прадбачліва выкапаў на ўсялякі выпадак невялікі бункер непадалёк ад хаты.


Першы самалёт з чорнымі крыжамі я ўбачыў ледзь не на другі дзень вайны. Ён ляцеў на невялікай вышыні, я нават твар лётчыка ў шлеме разгледзеў, фашыст яшчэ рукой памахаў… Праз некалькі дзён у небе над Бешанковічамі з’явіліся два варожыя самалёты. Адзін кулямётнай чаргой паласнуў па вокнах драўлянага будынку райваенкамата, які стаяў за цяперашнім музеем, і выбіў шкло ў вокнах. Другі некалькімі чэргамі падпаліў на аэрадроме два ці тры нашы самалёты, якія былі няспраўнымі і не змаглі ўзляцець. А потым на развароце даў чаргу па маёй маці, Наталлі Аляксандраўне, якая ў гэты час, схапіўшы маю маленькую сястру, бегла да таго бункера. Фантанчыкі ад куль узляцелі за яе спіной, але толькі бульбоўнік пашкодзілі.


Немцаў убачыў, здаецца, ужо 4 ліпеня 1941 года ў Ранчыцах, дзе я, брат, маці і сястра схаваліся. Непадалёк стаяў вялікі свіран. Я бачыў, як ля яго нейкім чынам аказаўся наш кавалерыст. А тут на матацыклах у вёску завіталі фашысты. Кавалерыст схаваўся за свіран. Акупанты спыніліся ля студні, што знаходзілася насупраць яго. Але піць ваду з вядра не спяшаліся, пакаштаваць спачатку прымусілі адну старую бабульку і толькі пасля гэтага пачалі піць самі – відаць, атруціцца баяліся. Яны яшчэ доўга гаманілі, а зазірнуць за свіран не здагадаліся. І калі яны паехалі, з засады выехаў коннік і падаўся цераз Крывінку.


Яшчэ праз колькі дзён Бешанковічы былі поўнасцю акупіраваны ворагам. У цяперашняй школе мастацтваў размясцілася нямецкая камендатура, а ў Сталінскай школе, што знаходзілася насупраць, – казарма, куды мяне, дзевяцігадовага, прымусілі насіць ваду…


Ніколі не забуду, як фашысты ў лютым 1942-га вялі расстрэльваць бешанковіцкіх яўрэяў. Мы, падлеткі, у той дзень, 11 лютага, каталіся з гары на лыжах. З трывогай і небяспекай назіралі за тым, як да Дзвіны спускалася пад нязначным канвоем вялікая група людзей. Калона расцягнулася на вялікую адлегласць. Калі першыя яўрэі ўжо ўзнімаліся на гару Стрэлкі, то апошнія толькі падыходзілі да Дзвіны. Дзве жанчыны спыніліся на лёдзе і пачалі развітвацца, схіліўшы адна да другой свае галовы. Немцу, што знаходзіўся воддаль, нешта не спадабалася ў іх паводзінах. Ён быў з галавой закутаны ў нейкае рыззё, на нагах былі саламянікі – мароз быў у той дзень вялікі. Немец павольна зняў з пляча вінтоўку і пачаў цэліцца. Рабіў гэта вельмі доўга. Мы чакалі стрэлу. Але яго не было. Мы ўсе сцішыліся, шкада было гэтых жанчын. Напэўна, пашкадаваў іх і фашыст, а можа, кулі не захацеў марнаваць, паколькі і так добра ведаў, што іх чакае там за Дзвіной…


Мы не зрушылі з месца. У мяне здранцвелі ногі, рукі і ўсё цела. Ведалі, што іх павялі на расстрэл. Неўзабаве пачуліся першыя стрэлы. Пасля іх сталі далятаць крыкі, плач, лямант… Потым мы метраў за 25 былі ад той ямы. Бліжэй падыходзіць баяліся. Снег вакол быў вытаптаны, перамешаны з крывёй непавінных ахвяр…


Адну яўрэйку, маці Эцінгофа, у той дзень спрабавала схаваць у хлеве з саломай мая матуля. Як толькі звечарэла, прынесла коўдру, нечага з яды і прасіла не пакідаць сховішча. Але жанчына не паслухалася. Можа рызыкаваць жыццём маці не захацела. Словам, яе затрымалі немцы, кінулі ў крытую машыну і павезлі на Стрэлку…


Некалькі яўрэяў акупанты пакінулі ў мястэчку. Як правіла, гэта былі швачкі, майстры пашыву абутку. Але праз месяц сем ці восем чалавек на маіх вачах былі расстраляны на ўскраіне Бешанковіч. Яны пахаваны ў агульнай магіле з ваеннапалоннымі. Там помнік цяпер высіцца.


Нашу сям’ю таксама не абмінулі страты: на фронце загінулі брат Аляксандр, прапаў без вестак брат Генадзь. Аляксандр нават у пачатку вайны аднойчы трапіў у палон. Але яму ўдалося ўцячы і дабрацца да родных мясцін. А як вызвалілі тэрыторыю раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яго зноў прызвалі на службу ў дзеючую армію. Ён загінуў пры вызваленні Прыбалтыкі.


Вось такі сумны мой аповяд.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *