Конкурс прафесійнага майстэрства Клубных спраў майстар адбыўся ў Бешанковічах

2017 год - Год науки

У раённым Доме культуры адбыўся конкурс прафесійнага майстэрства «Клубных спраў майстар». Праходзіў ён у рамках другога занальнага адборачнага тура агляду-конкурсу сярод творчых работнікаў клубнага тыпу.


у Бешанковічы паказаць свае творчыя ўменні прыехалі прадстаўнікі з розных гарадоў вобласці. Гэта Уладзімір Пятровіч Варабей з Аршанскага гарадскога Цэнтра культуры, Наталля Рыгораўна Сакалова прадстаўляла Капцянскі сельскі Дом культуры Віцебскага раёна, Антаніна Якаўлеўна Марозава – Калінаўскі сельскі Дом культуры Дубровенскага раёна, Людміла Фёдараўна Шыпуля – Лепельскі гарадскі Дом культуры, Яна Анатольеўна Таўкачова – Лёзненскую цэнтралізаваную клубную сістэму, Валянціна Пятроўна Бельская – Пламенскі сельскі клуб Сенненскага раёна, Эмма Ягораўна Багатырова – Лукомльскі сельскі Дом культуры Чашніцкага раёна. Гонар Бешанковіцкага раённага Дома культуры абараняла яго дырэктар Вольга Паўлаўна Качанава.


Першым этапам конкурсу стала візітка з відэапрэзентацыяй «Мая прафесія – мой дом». У ёй удзельнікі расказвалі пра сябе і сваю дзейнасць. Творча падышлі канкурсанты і да выканання задання «Прыязджайце ў госці да нас». У гэтым туры яны прадстаўлялі знакамітыя вобразы, сімвалы традыцыйнай народнай культуры альбо адно з «сямі цудаў» свайго рэгіёну, фрагмент тэатралізаванага прадстаўлення, абрада альбо канцэртнай праграмы.


Высокія балы атрымалі ўдзельнікі і ў конкурсах «Талент маю», «Майстар імправізацыі». Майстэрства ў вакале, танцавальным жанры, валоданні музычным інструментам – усё гэта разам з яркасцю касцюмаў выклікала буру апладысментаў.


Але конкурс ёсць конкурс, і ў ім, як вядома, ёсць пераможца. Па рашэнні журы 1-е месца прысуджана А. Я. Марозавай з Дубровенскага раёна. Другое месца падзялілі Н. Р. Сакалова (Віцебскі раён) і Л. Ф. Шыпуля (горад Лепель). Таксама памятным дыпломам была адзначана самая маладая ўдзельніца конкурсу – Яна Таўкачова з Лёзна. Астатнія клубныя работнікі таксама былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *