Віктар Уладзіміравіч Воранаў — слесар аварыйна-аднаўленчых работ водаканалізацыйных сетак ЖКГ

В трудовых коллективах

На пасаду слесара аварыйна-аднаўленчых работ водаканалізацыйных сетак Віктар Уладзіміравіч Воранаў (на здымку) прыйшоў у далёкім цяпер 1985-м годзе. З той пары мінула амаль 30 гадоў. Цяпер ён брыгадзір невялікай, але зладжанай і дастаткова вопытнай каманды ў складзе слесара Аляксандра Васільевіча Дразда, зваршчыка Юрыя Аляксандравіча Зайцава, вадзіцеля Аляксандра Генадзьевіча Варахобкі.


Поле дзейнасці спецыялістаў ахоплівае ўвесь Бешанковіцкі раён. Так што задача ў брыгады дастаткова напружаная і адказная – падтрымліваць на належным узроўні не толькі прыватны сектар, але і забяспечваць бесперабойную работу фермаў сельгаспрадпрыемстваў, праводзіць як планавы, так і бягучы рамонт водаканалізацыйных сетак, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ.


Тут многае залежыць ад вопыту самога брыгадзіра, які абавязаны дакладна ведаць, дзе праходзіць тая ці іншая водамагістраль, дзе размешчаны яе калодзежы і шмат чаго іншага. Трэба сказаць, што гэта ўсё да драбніц ведае Віктар Уладзіміравіч. У сваёй «гаспадарцы» ён арыентуецца хутка і ўпэўнена.


– Самая непапулярная мера ў нашай справе – дэмантаж воданапорных калонак, асабліва ў Бешанковічах, што выклікае шмат неабгрунтаваных нараканняў з боку спажыўцоў вады, – расказвае Воранаў. – Яны забываюць галоўнае: у гараджан амаль ва ўсіх ёсць вада ў кватэрах. Там устаноўлены, як правіла, лічыльнікі. Калонка, якая знаходзіцца на вуліцы, такога прыбора ўліку не мае. І замест таго, каб своечасова заключыць дагавор з камунальнай службай на карыстанне вадой з калонкі на нейкія ўласныя мэты, напрыклад, паліваць градкі на агародзе, пры адключэнні яе скардзяцца ледзь не ва ўсе інстанцыі. Больш таго – ля калонак часта мыюць уласныя машыны аўтааматары. Такое нерацыянальнае і проста неэканомнае расходаванне пітной вады цяжкім фінансавым грузам кладзецца на ЖКГ.


Слухаеш субяседніка і думаеш пра яго гаспадарскае стаўленне да таго, што дае нам матухна-прырода. Бо, і сапраўды, яе водныя запасы не бяздонныя, як можа падацца простаму абывацелю, які прывык усім карыстацца дарма. Словам, і з вадой трэба абыходзіцца вельмі беражліва. Таму нездарма, відаць, Віктар Уладзіміравіч карыстаецца павагай у кіраўніцтва камунальнай службы, адзначаецца граматамі, прэміямі, каштоўнымі падарункамі. А ў гэтым годзе яго партрэт змешчаны на раённай Дошцы гонару. Думаецца, што па працы і пашана.


У ашчаднасці Віктар Уладзіміравіч выхаваў і свайго сына Уладзіміра. Той скончыў Наваполацкі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Жыве і працуе ў Мінску. А калі наведваецца да бацькі, той не можа не парадавацца сваёй трохгадовай унучцы Валерыі – у той ужо ў такім узросце праяўляюцца дзедава і бацькава беражлівасць і эканомнасць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *