На Бешанковіччыне адбылося ўручэнне медалёў 25 гадоў з дня вываду савецкіх войск з Рэспублікі Афганістан

Они живут рядом

Днямі ў райваенкамаце адбылося ўручэнне медалёў «25 гадоў з дня вываду савецкіх войск з Рэспублікі Афганістан». У актавай зале прысутнічалі ўдзельнікі тых далёкіх падзей. З прывітальным словам да іх звярнуўся ваенны камісар райваенкамата А. М. Савіч. Ён называў прозвішчы кавалераў баявых ордэнаў і медалёў. Яны адзін за адным выходзілі да трыбуны і прымалі ад Андрэя Міхайлавіча заслужаныя ўзнагароды і яго моцны поціск рукі. Ні жартаў, ні смеху – усе афганцы былі гранічна мабілізаваны, выраз іх твару цалкам адпавядаў дадзенаму моманту.


Нават пасля ўручэння медалёў я не адважыўся спытаць у кагосьці з іх: «Што думалі, адчувалі ці ўспаміналі ў гэты час?». І правільна зрабіў – не трэба ім яшчэ раз напамінаць пра тое, што прыйшлося перажыць кожнаму з іх у чужой краіне, пастаянна знаходзячыся пад пільным прыцэлам ворага. Яны свой абавязак выканалі годна і чэсна. Цяпер наша чарга наступіла: не забываць сваіх герояў. Менавіта пра гэта гаварыла ў сваім выступленні перад прысутнымі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Мікалаеўна Апанасёнак.


Потым група афганцаў на чале з ваенным камісарам і старшынёй раённага грамадскага аб’яднання воінаў-афганцаў В. В. Сафонавым накіравалася ў вёску Луг да Розы Данілаўны, маці загінуўшага ў Афганістане А. М. Сухвала, каб уручыць ёй медаль сына і кветкі. Не прамінулі распытаць пра жыццё, справы ў агародзе. Адчувалася, што жанчына была рада сустрэчы. Успомніла пра фотаздымкі, якія сын паспеў выслаць бацькам. Падзялілася хатнімі справамі. Задаволена, што кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі дапамагло назапасіць сена для сваіх дзвюх козачак. А больш за ўсё Роза Данілаўна радуецца прыезду ўнука з дзецьмі. «Гэта мая аддушына – унук і праўнукі! Гэта маё жыццё!», – казала яна, ледзь хаваючы і стрымліваючы слёзы цяжкага мацярынскага гора: страты адзінага сына.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *