На азімае пшанічнае поле ў ДП ПалітаддзелецАгра выйшла 7 збожжаўборачных камбайнаў

Заботы сельские

Уборачная кампанія на Прыдзвінні дружна стартавала. На палетках сельгаспрадпрыемстваў працуюць дзясяткі камбайнаў і грузавых аўтамабіляў. Сярод механізатараў, занятых у гэтыя спрыяльныя дзянькі на жніве, наладжана дзейснае працоўнае саперніцтва.


На азімае пшанічнае поле ў ДП «ПалітаддзелецАгра» выйшла 7 збожжаўборачных камбайнаў. Кожны гектар збажыны дае ў сярэднім на круг каля 34 цэнтнераў. Добры настрой пануе ў механізатараў. Гутарым з некаторымі з іх.


– Сёлетняе жніво для мяне чацвёртае, але хвалюешся, бы ўпершыню сеў за руль тэхнікі, – гаворыць камбайнер Вячаслаў Анатольевіч Шэк. – Пшанічка чыстая, няма палегліцы, таму і ўборка ладзіцца.


На полі сустракаю свайго даўняга знаёмага – вопытнага і спрактыкаванага механізатара гаспадаркі, які не раз вызначаўся на жніве не толькі ў сельгаспрадпрыемстве, але і ў раёне. Гэта Аляксандр Генадзьевіч Радкевіч.


– Гэта мой трыццаты ўборачны сезон, – не без гонару заўважае механізатар. – Жніво толькі пачынаецца. Праз некалькі дзён набяром патрэбны тэмп ў рабоце, а потым пойдуць і добрыя намалоты. Так што саперніцтва абяцае быць напружаным. За ўчарашні дзень намалаціў 50 тон збожжа новага ўраджаю. Але на першым плане павінна быць якасць уборкі…


А для маладога механізатара Аляксея Радзюка гэта жніво – першае ў жыцці. Праўда, студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта ў папярэднія гады шчыраваў на збожжатаку.


– Сёлета кіраўніцтва гаспадаркі аказала мне асаблівы давер – дало магчымасць паспрабаваць сябе ў больш сур’ёзнай справе. Адказнасць вялікая – мая задача своечасова змазваць, ачышчаць вузлы і механізмы ды сачыць за запраўкай камбайна. Пакуль заўваг не маю…


Не сталі больш затрымліваць механізатараў – кожная хвіліна на ўліку. Пажадалі ім важкіх намалотаў. І камбайны тут жа рушылі ў паход за новымі кілаграмамі і тонамі.


А мы вырашылі пагутарыць яшчэ з адным маладым спецыялістам ДП «ПалітаддзелецАгра» – Вольгай Мікалаеўнай Махначовай. Яна – аграном-насеннявод.


– У гаспадарцы я другі год, – дзеліцца сваім маладая дзяўчына. – Скончыла Смальянскі сельгастэхнікум і менавіта сюды атрымала накіраванне. Тут мне падабаецца. Стараюся быць карыснай і на ўборцы, і на апрацоўцы, і на захоўванні збожжа. Набіраюся вопыту ў старэйшых механізатараў, больш спрактыкаваных спецыялістаў, і гэта дапамагае мне ў рабоце. Што тычыцца ўдзельнікаў жніва, то для іх наладжана двухразовае харчаванне. Інакш нельга – працоўны дзень для іх пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы і заканчваецца ў дзесяць гадзін вечара. Так, каласы скараюцца руплівым і працавітым. Поспехаў вам на хлебнай ніве, паважаныя ўдзельнікі жніва Прыдзвіння, высокіх і шчодрых намалотаў!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *