Гарачая пара ў працаўнікоў філіяла Бешанковіцкі льнозавод ААТ Шумілінскі льнозавод

В трудовых коллективах

Вельмі гарачая цяпер пара ў працаўнікоў філіяла «Бешанковіцкі льнозавод» ААТ «Шумілінскі льнозавод». На палетках прадпрыемства выспеў добры ўраджай ільну. Церабленне шаўкавістага і валакністага пачалося на 150-гектарнай плошчы, што раскінулася ва ўрочышчы Сініцы сельгаспрадпрыемства «ПлісыАгра».


– Выцерабілі ўжо 171 гектар. На двухпаточнай ільноцерабілцы «ТСМ-2,4» працуе механізатар Яўген Уладзіміравіч Аўчыннікаў, дапамагае яму Андрэй Уладзіміравіч Аўчыннікаў, – расказвае дырэктар філіяла Надзея Уладзіміраўна Бокіш. – А яшчэ на полі задзейнічаны тры трактары «МТЗ-82» у агрэгаце з ільнокамбайнамі «ЛК-4А». На іх рупяцца механізатары Сяргей Віктаравіч Лятко, Аляксандр Мікалаевіч Воранаў і Аляксандр Аляксандравіч Гарбачоў з памочнікамі Віктарам Юр’евічам Ісакавым, Уладзімірам Валер’евічам Самковічам і Віктарам Аляксандравічам Мацюшам. Усе экіпажы механізатараў дзённае заданне перавыконваюць. Працуюць без нараканняў.


Яшчэ 50 гектараў ільну размясціліся ў «ПалітаддзельцыАгра» і 150 гектараў – у аграсервісе. А канкрэтна, у вёсцы Чурылава. Усяго 350 гектараў. Сарты выключна беларускай селекцыі. Праз тыдзень пачнём абмалот галовак.


Не менш напружаная работа кіпела і непасрэдна на льнозаводзе, дзе ў вытворчым працэсе занята 14 чалавек. Пабывалі ў цэху, дзе вырабляецца льновалакно. За станком завіхаюцца Лілія Пятроўна Чаплінская і Надзея Міхайлаўна Аўчыннікава. Першая прысвяціла прадпрыемству 38 гадоў, другая – 15. Таму ў жанчын усё атрымліваецца хутка і якасна.


– Мужчыны таксама нас не падводзяць. Узяць, напрыклад, майстра змены Віталя Мікалаевіча Яршова. Ад яго вопыту і ўмення ў поўнай меры залежыць рытм работы ўсяго льнозавода. Не падводзіць і зваршчык Васіль Валянцінавіч Камоска. А работы для яго знаходзіцца нямала. Усяго на сённяшні дзень засталося перапрацаваць каля 80 тон ільнотрасты, – працягвае свой аповяд кіраўнік прадпрыемства. – Гэтага хопіць да новага ўраджаю. Тым больш, што працуем мы пакуль у адну змену.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *