У Бешанковічах прайшоў восеньскі кірмаш

Событие

Марна часу не губляйце,


Наш тавар хутчэй купляйце.


Ад працаўнікоў Вярхоўя


Зычым шчасця і здароўя!


Такімі словамі да сваіх гандлёвых месцаў пакупнікоў зазывалі на восеньскім кірмашы прадстаўнікі «Свіціна-ВМК». Прадпрыемства прывезла на продаж мяса, ячмень і пшаніцу. Гэтая прадукцыя аказалася запатрабаванай у бешанкавічан і хутка разыходзілася.


Дарэчы, попыт быў на самыя розныя дары восені, і вытворцы паспрабавалі цалкам задаволіць патрэбы насельніцтва ў сельгаспрадукцыі. Напрыклад, «АграВітВін» прапаноўваў землякам наліўныя яблыкі, збожжа і фарш, аграсервіс гандляваў мясам, пшаніцай і ячменем, «ПлісыАгра» – аўсом і пшаніцай, «ПалітаддзелецАгра» – ячменем. Зрабіць на зіму запас бульбы па прымальных цэнах прапаноўваў сельгасфіліял «Вядзерава».


Любы кірмаш – гэта добры спосаб заявіць пра сябе, прадставіць сваю прадукцыю і прадаць яе. Такога меркавання прытрымліваецца і калектыў Ульскага прафесійнага ліцэя. Ля гандлёвых кропак навучальнай установы сабралася шмат народа. Ліцэісты сёлета вырасцілі нядрэнны ўраджай і прывезлі на продаж бульбу, буракі, моркву, пшаніцу, маслічную рэдзьку.


Рознакаляровымі фарбамі восені зіхацеў кірмаш у райцэнтры. Канкурэнцыю сельгасвытворцам раёна склала і сялянска-фермерская гаспадарка «Марыя» з в. Падворыца суседняга Сенненскага раёна. Гаспадары зямлі гандлявалі бульбай, морквай, буракамі і капустай. Баклажаны, памідоры, кавуны, дыні, гранаты, апельсіны і іншую садавіну прапаноўвалі землякам прыватныя гандляры.


Сваю прадукцыю прадставіў і «Вітканпрадукт», ля павільёна якога за мяснымі смачнасцямі выстраілася нямалая чарга. КУПБА «Бешанковічы КБА» таксама прыняло ўдзел у кірмашы і прапанавала прыдзвінцам муку, крупы, збожжа, камплекты пасцельнай бялізны, ручнікі і іншую прадукцыю, вырабленую прадпрыемствам.


Цэлы гандлёвы шэраг з палатак традыцыйна ўсталявала райпа, зазываючы землякоў шырокім асартыментам тавараў. Свежыя карп і таўсталобік, марожаныя мінтай і стронга, мясныя паўфабрыкаты, галубцы, каўбаскі, фарш, кавалачнае мяса, торты, рулеты. Гэтыя тавары ўласнай вытворчасці разыходзіліся вельмі хутка. Зацікавіла пакупнікоў і плодаагароднінная прадукцыя райпа: капуста, цыбуля, часнок, бульба, буракі, яблыкі, журавіны, брусніцы і глог. Людзі прыцэньваліся і ахвотна куплялі вітаміны, знайшлі свайго пакупніка і нехарчовыя тавары райпа.


Адным словам, кірмаш удаўся на славу. Яго арганізатары паклапаціліся пра даступнасць цэн, якасць прадукцыі і шырокі асартымент тавараў. Усё было зроблена для таго, каб жыхары раёна змаглі забяспечыць сябе і свае сем’і на зіму неабходнымі прадуктамі харчавання і іншымі таварамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *