В Островенской библиотеке прошёл районный семинар

2017 год - Год науки

У нашых сельскіх бібліятэк кожны дзень – не толькі добры і спакойны, але і клапотны. Усяго і не пералічыш. Кожны сельскі бібліятэкар працуе ў сваіх умовах і дзеля сваіх чытачоў. Хапае і праблем, і добрых падзей. Да ліку апошніх, напрыклад, можна аднесці семінар сельскіх бібліятэкараў «Масавая работа з чытачамі: творчасць, якасць, крэатыў», які праходзіў на базе Астровенскай сельскай бібліятэкі.


Дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Т. М. Курмель у сваім выступленні падкрэсліла, што бібліятэкары заўсёды шукаюць новыя шляхі, формы і метады працы па прыцягненні моладзі ў бібліятэкі. Падобныя сустрэчы дазваляюць абмяняцца вопытам, азначыць арыенціры дзейнасці на будучыню.
     Падчас семінара гасцей пазнаёмілі з асноўнымі задачамі і прыярытэтнымі накірункамі дзейнасці Астровенскай бібліятэкі.
     – У зону абслугоўвання нашай бібліятэкі ўваходзяць чатыры вёскі: Малы Двор, Горкі, Таўсцюкі (абслугоўванне кніганошай) і Астроўна, – адзначыла бібліятэкар Астровенскай сельскай бібліятэкі В. І. Бандзёнак. – За год, звычайна, бібліятэка абслугоўвае звыш 420 чытачоў. Колькасць наведваннняў складае больш за 3400.
     Вольга Іванаўна расказала пра розныя накірункі працы ўстановы з чытачамі, пра мерапрыемствы па прапагандзе чытання ў маладзёжным асяроддзі, цеснае супрацоўніцтва з ветэранамі, краязнаўцамі, прадстаўнікамі ўстановы адукацыі і многімі іншымі. Выступленне суправаджалася слайдавай прэзентацыяй.
     Вельмі дарэчнай і даволі ўдалай была паказальная імпрэза – літаратурна-фальклорнае свята з элементамі тэатралізацыі «Вячоркі ў Паўлінкі».
     Усё дзеянне разгарнулася ў галоўных герояў – Паўлінкі і яе родзічаў. З нагоды свята Багача да іх у госці завіталі дзеці.
     – Гэта вялікае свята ў жыцці беларускай вёскі, – распавяла гісторыю свята адна госця. – Калісьці, калі жніво падыходзіла да канца, пакідалі нязжаты кусцік жыта – дзедаву, ці божую, «бараду», потым яго зажыналі, перавязвалі стужкай, гаварылі замову і ўрачыста, з песнямі і жартамі неслі дадому. Гэта і быў Багач. Яго заносілі ў двор тым, каму жадалі багацця і шчасця. Багач, згодна з павер’ем, забяспечваў ніву жытам і прыносіў у хату дастатак і шчасце.
     Падчас мерапрыемства прысутныя адгадвалі загадкі, дзеці расказвалі пра лён і хлеб, спявалі песенькі і чыталі вершы.  
     Пра цікавыя формы масавай работы ў бібліятэцы і інтэрактыўныя формы работы з чытачамі расказала загадчыца аддзела маркетынгу ЦБС Т. І. Мароз. Таццяна Іванаўна таксама прапанавала ўсім прысутным некаторыя метадычныя рэкамендацыі.
     Метадыст аддзела маркетынгу ЦБС А. А. Капойка падрыхтавала цікавую прэзентацыю выдання «Запрашаем да стала!», якое пабачыла свет у гэтым годзе.
     Увогуле, семінар сельскіх бібліятэкараў атрымаўся вельмі яркім і насычаным, на ім быў разгледжаны шэраг хвалюючых бібліятэкараў пытанняў.
     Знаёмства з працай бібліятэкі паказала, што ўсе яе супрацоўнікі вядуць вялікую выхаваўчую работу шляхам далучэння да кнігі насельніцтва з актыўным выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, спрыяюць фарміраванню маральных і эстэтычных каштоўнасцяў у дзяцей і падлеткаў. У цэлым дадзены семінар дазволіў не толькі маладым бібліятэкарам запазычыць вопыт і знайсці адказы на ўзнікаючыя пытанні, але і старэйшым калегам папоўніць свой прафесійны «капітал» новымі ведамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *