Борис Павлович Бележенко посетил Бешенковичи

2017 год - Год науки

Ёсць творчыя людзі, без самаадданай і апантанай працы якіх немагчыма культурная прастора грамадства. Да ліку такіх яркіх асоб адносіцца Барыс Паўлавіч Беляжэнка, які ўжо на працягу 50 гадоў актыўна і мэтанакіравана выяўляе сябе ў самых разнастайных літаратурных жанрах: мяккай і ўдумлівай лірычнай паэзіі, дынамічных і лагічна вывераных дэтэктывах, вострай сатыры і дасціпным гумары, па-філасофску сціслых і глыбокіх афарызмах, насычаных багатым факталагічным матэрыялам, літаратурна-краязнаўчых артыкулах і эсэ. Нават гэты ўнушальны пералік не вычэрпвае ўнікальнага багацця і шматграннасці таленту творцы, бо ён яшчэ і выдатна спявае ўласныя песні, з дзяцінства добра малюе, валодае прафесійнымі экстрасэнсорнымі здольнасцямі і арганізатарскімі ўменнямі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1979 года, член Саюза журналістаў Беларусі з 1975 года. У 2007 годзе прысуджана званне Ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адзначаны прэміямі Уладзіміра Караткевіча і МУС Беларусі.


Барыс Паўлавіч друкуецца з 1958 года. Выдаў 13 кніг. Апошняя пад назвай «Дарога Бачэйкава – Бешанковічы» пабачыла свет не так даўно.


Вось з такім рознабакова таленавітым чалавекам і цікавым субяседнікам напярэдадні Новага года сустрэліся работнікі культуры, настаўнікі ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі (на здымках). І трэба сказаць: у зале не было раўнадушных. Вершы, гумарэскі, якія прагучалі ў выкананні аўтара, суправаджаліся шчырымі апладысментамі. А гэта сведчанне таго, што такія розныя па тэматыцы і рытміцы, яны аднолькава ўспрымальна прагучалі на рускай і беларускай мовах і знайшлі сярод прысутных шчыры водгук і разуменне. За кожным радком лёгка адчуваліся не толькі вобразы і краявіды роднай зямлі, але і глыбокія разважанні аўтара над лёсам, сутнасцю жыцця, сусвету. У кожным вершы, у тым ліку ў гумарыстычным творы, можна было знайсці для сябе шмат цікавага і павучальнага. Кожны новы верш (паэт чытаў свае творы розных часоў) адкрываў новы вобраз, новае ўсведамленне звыклых для кожнага з’яў і падзей.


Слухачы смяяліся над трапнымі выразамі і жартамі. Паміж вершамі Барыс Паўлавіч ахвотна ўспамінаў некаторыя найбольш важныя і запамінальныя старонкі сваёй жыццёвай і творчай біяграфіі: як ледзь не патануў у Заходняй Дзвіне, як бацькі выбіралі яму імя, як атрымаў пляц і будаваў на ім дачу, як працаваў на ёй. Расказаў пра тое, як вучыўся ў адукацыйным цэнтры Джуны, пасля заканчэння якога стаў экстрасэнсам, лячыў хворых, а потым захапіўся складваннем гараскопаў, якія ахвотна друкавалі віцебскія газеты. Цікава расказаў Барыс Паўлавіч пра сваіх родных і блізкіх: дзеда-селяніна Лявонція Васільевіча, бацьку Паўла Лявонцьевіча, кавалера чатырох баявых ордэнаў, удзельніка штурму Берліна, маці Надзею Цярэнцьеўну, вязня фашысцкіх лагераў смерці Штутгоф і Равенсбрук, роднага дзядзьку Васіля Цярэнцьевіча Асташкевіча, партызана і добраахвотніка-франтавіка, які загінуў ва ўзросце 20 гадоў у лютым 1945-га…


Нагадаў зямляк і пра кнігі з уласнымі афарызмамі. Іх дзве. Прачытаў некалькі трапных выразаў. Яны спадабаліся прысутным, сведчанне таго – іх дружныя апладысменты. Адзін з афарызмаў вынесены ў загаловак.


Няма сумнення, што сустрэча са знакамітым земляком удалася, паколькі прынесла слухачам прыемную асалоду і задавальненне.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *